Іран афіцыйна спыняе супрацоўніцтва з МАГАТЭ
- 27.06.2025, 11:06
Парламент краіны прыняў закон.
Міністр замежных спраў Ірана Абас Арагчы заявіў, што краіна афіцыйна спыняе супрацоўніцтва з Міжнародным агенцтвам па атамнай энэргіі (МАГАТЭ).
Пра гэта паведамляе The Times of Israel са спасылкай на заяву, зробленую ў эфіры іранскай дзяржаўнай тэлевізіі.
Са слоў Арагчы, парламент Ірана прыняў адпаведны законапраект, які пасля быў зацверджаны КВІР, што надало яму абавязковае юрыдычнае дзеянне. «Закон, ухвалены парламентам і зацверджаны КВІР, зараз з'яўляецца абавязковым да выканання. Нашы дачыненні з МАГАТЭ набудуць новую форму», - заявіў міністр.
Пасля нядаўніх удараў па іранскіх ядзерных аб'ектах Ізраілем і ЗША, МАГАТЭ не мае дакладнай ацэнкі аб працягласці ўздзеяння: ці адкінутая праграма стварэння ядзернай зброі на гады ці толькі на некалькі месяцаў.
Напярэдадні міністр замежных спраў Нямеччыны Ёган Вадэфуль заклікаў Іран не спыняць узаемадзеянне з МАГАТЭ. Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё адзначыў, што пасля авіяўдараў Іран істотна аддаліўся ад стварэння ядзернай зброі.