У Інгушэціі ўзарвалі паліцэйскі каледж
- 27.06.2025, 14:38
Адказнасць узяло на сябе мясцовае падполле.
Уначы 26 чэрвеня ў Назрані, найбуйнейшым горадзе Інгушэціі, прагрымеў выбух каля ўваходу ў будынак паліцэйскага каледжа.
Як паведамляе Astra, спрацавала самаробная выбухоўка невялікай магутнасці, як мяркуецца, здэтанаваўшы заўчасна.
Паводле папярэдніх звестак, у выніку выбуху ніхто не пацярпеў, аднак сам будынак навучальнай установы пашкоджаны.
У сацыяльных сетках ужо апублікавалі здымкі і відэа месца здарэння, на якіх відаць выбітае шкло і пашкоджаны фасад.
Пазней адказнасць за гэтую атаку, як піша «Мілітарны», узяла на сябе арганізацыя «Узброеныя сілы Галгайчэ» - падпольная структура, якая выступае супраць пуцінскага рэжыму і расейскага кантролю ў рэгіёне.
У сваёй заяве яны адзначылі, што мэтай удару быў будынак, дзе праходзяць падрыхтоўку будучыя супрацоўнікі сілавых структур Расеі, у прыватнасці МУС, Расгвардыі і іншых органаў.
«З моманту адкрыцця ў 2023 годзе гэты каледж стаў цэнтрам падрыхтоўкі будучых карнікаў, якія вучацца душыць свабоду ўласнага народа ў выглядзе «адукацыі». З дазволу Алаха мы не дазволім ператвараць нашых сыноў у здраднікаў», - гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным у сацыяльных сетках ад імя Генштаба.
Падпольшчыкі таксама падкрэслілі, што падчас падрыхтоўкі аперацыі яны ўлічвалі блізкасць аб'екта да грамадзянскай інфраструктуры, таму было вырашана выкарыстоўваць выбуховае прыстасаванне малой магутнасці, каб мінімізаваць магчымую шкоду і ўнікнуць ахвяр сярод мірнага насельніцтва.
Расейскія ўлады і мясцовыя сілавыя структуры пакуль афіцыйна не пракаментавалі падзею.