Бундэстаг прагаласаваў за прыпыненне ўз'яднання сем'яў уцекачоў
- 27.06.2025, 14:47
Абмежаванне будзе дзейнічаць цягам двух гадоў.
Бундэстаг ухваліў законапраект урадавай кааліцыі аб прыпыненні права на ўз'яднанне сем'яў - з гэтага часу пэўныя катэгорыі ўцекачоўў часова не змогуць перавозіць у Нямеччыну блізкіх сваякоў, такіх як бацькі ці дзеці.
Пра гэта паведаміла выданне Spiegel.
Абмежаванне будзе дзейнічаць цягам двух гадоў. За закон прагаласавалі партыі кааліцыі - ХДУ і СДПГ, а таксама правапапулісцкая партыя "Альтэрнатыва для Нямеччыны" ("АдН"). Супраць выступілі "Зялёныя" і Левая партыя.
Размова ідзе пра сваякоў асоб з так званай субсідыярнай абаронай. Гэта людзі, якія не былі прызнаныя ўцекачамі ў адпаведнасці з Жэнеўскай канвенцыяй або асобамі, якія маюць права на прытулак, але ўсё ж атрымалі дазвол заставацца ў Нямеччыне з іншых прычын - напрыклад, калі ім на радзіме пагражаюць катаванні, пакаранне смерцю або бесчалавечнае абыходжанне. Звычайна гэта ўцекачы ад грамадзянскіх войн.
Асобы з субсідыярнай абаронай атрымліваюць дазвол на знаходжанне тэрмінам на тры гады з магчымасцю падаўжэння. У Нямеччыне іх налічваецца каля 380 тысяч, пераважна сірыйцаў.
У адрозненне ад прызнаных уцекачоў, у гэтым выпадку заканадавец мае больш свабоды для рэгулявання права на ўз'яднанне.