У Беларусь прыбыў новы нунцый Ватыкана
- 27.06.2025, 18:40
Беларускія біскупы ўпершыню сустрэліся з апостальскім нунцыем Чэфаллем.
Першая сустрэча каталіцкіх біскупаў з апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Іньяца Чэфалля прайшла ў Менску 26 чэрвеня.
Пра гэта на сваёй старонцы ў «Інстаграме» паведаміў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.
Паводле ягоных словаў, Чэфалля паказаў біскупам дакумент Апостальскай Сталіцы аб сваім прызначэнні.
Як паведамляе партал katolik.life, «вернікі спадзяюцца, што прыбыццё ў Беларусь новага нунцыя паспрыяе больш хуткаму вызваленню» затрыманых у Беларусі святароў.
25 сакавіка нябожчык папа рымскі Францішак, прызначыў Чэфаллю апостальскім нунцыем у Беларусі, адначасова прысвоіўшы дыпламату сан арцыбіскупа.
Новы прадстаўнік Папы Рымскага ў Беларусі нарадзіўся ў Палерма (Італія) 28 красавіка 1975 года. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 6 жніўня 2003 года. Быў накіраваны ў дыяцэзію П'яна-дэльі-Альбанэзі. Вывучаў кананічнае права. Дыпламатычную службу пачаў 1 ліпеня 2006 года.
Нёс служэнне ў апостальскіх нунцыятурах у Эквадоры, Тайландзе, сталай місіі пры Радзе Еўропы ў Страсбургу, секцыі ў стасунках з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыяту Ватыкана і да апошняга часу – у Венесуэле.
Пасада нунцыя ў Беларусі заставалася вакантнай з 28 чэрвеня 2024 года, калі яе пакінуў арцыбіскуп Антэ Ёзіч, прызначаны дыпламатычным прадстаўніком папы ў Грузіі і Арменіі.