BE RU EN

Стала вядома, як пачуваецца дзіця, якога беларус кінуў на падлогу ў аэрапорце Шарамеццева

  • 27.06.2025, 19:19

Лекары зрабілі прагноз.

Двухгадовае дзіця, якога беларус кінуў на падлогу ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева, пачало праяўляць рухальную актыўнасць. Пра стан малога расказала ў сваім тэлеграм-канале ўпаўнаважаная ў правах дзіцяці ў Маскоўскай вобласці (Расея) Ксенія Мішанава.

«Яму падтрымліваюць цяпер дыханне, прычым перавялі ўжо ў такі крышку “лайт” рэжым, рыхтуюць яго да абуджэння. Седацыю памяншаюць патроху, у яго выяўляецца рухальная актыўнасць, ён прыадкрывае вочкі», – напісала Мішанава.

Яна дадала са спасылкай на лекараў, што болевага сіндрому ў дзіцяці няма.

«Але траўма ўсё роўна вельмі цяжкая чэрапна-мазгавая, таму спатрэбіцца яшчэ час, каб ён змог падрыхтавацца да абуджэння і ўжо самастойна дыхаў, але дактары ўсе мяркуюць, што прагноз у нас застаецца пазітыўны», – адзначыла Мішанава.

Нагадаем, інцыдэнт адбыўся 23 чэрвеня ў зоне выдачы багажу ў аэрапорце Шарамеццева. Беларус падышоў да чужога дзіцяці, падняў яго на вышыню і з усяе сілы кінуў на падлогу. Першапачаткова паведамлялася, што мужчына прыляцеў з Кабула (Афганістан), але пазней высветлілася, што ён ляцеў транзітам з Егіпта ў Менск.

Пацярпелага малога медыкі ўвялі ў медыкаментозную кому. У яго дыягнаставаны адкрыты пералом чэрапа, гематомы і пералом пазваночніка.

Мужчыну прад'явілі абвінавачанне ў замаху на забойства двухгадовага дзіцяці з хуліганскіх памкненняў (ч. 3 арт. 30, п.п. «в, і» ч. 2 арт. 105 КК РФ). Санкцыя артыкула прадугледжвае ад васьмі да дваццаці гадоў калоніі альбо пажыццёвае зняволенне.

26 чэрвеня расейскі суд задаволіў хадайніцтва следства і змясціў абвінавачанага пад арышт на два месяцы. Паводле словаў мужчыны, ён знаходзіцца на ўліку ў псіхіятра з дыягназам шызафрэнія, судзімасці не мае, піша ТАСС. Ён жанаты, выхоўвае дзвюх дачок 2 і 13 гадоў. У яго ёсць рэгістрацыя ў Расеі на тэрыторыі Хімак. Мае сярэднюю адукацыю, працуе мантажнікам кабельных сетак.

Апошнія навіны