BE RU EN

Мерц: Ад тэлефонных размоваў з Пуціным лепш устрымацца

  • 27.06.2025, 19:33

Канцлер ФРГ выказаў меркаванне, што Трамп дэманструе «рост скепсісу» ў дачыненні да Расеі.

Канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц (Friedrich Merz) у апублікаваным у пятніцу, 27 чэрвеня, інтэрв'ю газеце Züddeutsche Zeitung даў зразумець, што пакуль не збіраецца размаўляць праз тэлефон з кіраўніком Расеі Пуціным, адзначае «Нямецкая хваля».

– На візіт прэм'ер-міністра Вугоршчыны (Віктара Орбана. – Рэд.) у Маскву РФ адрэагавала магутнай бамбардзіроўкай Кіева, у тым ліку лякарні. За апошнім сазвонам (Пуціна. – Рэд.) з маім папярэднікам (Олафам Шольцам. – Рэд.) рушыў удар па дзіцячай лякарні. Калі такія наступствы тэлефонных перамоваў (з прэзідэнтам Расеі. – Рэд.), то я б даўжэй ад іх устрымліваўся, – сказаў кіраўнік нямецкага ўраду.

У прынцыпе, гэта правільна – шукаць любыя шляхі для дасягнення міру, аднак у дачыненні да РФ нельга рабіць тую памылку, што была здзейсненая перад пачаткам Другой сусветнай вайны ў дачыненні да «трэцяга рэйху», мяркуе канцлер ФРГ. Ён расказаў, што чытае кнігу пра брытанскага прэм'ера Нэвіла Чэмберлена і ягоную палітыку прымірэння Адольфа Гітлера, якая пацярпела крах.

19 чэрвеня Пуцін заявіў, што гатовы да кантакту з еўрапейскімі палітыкамі. Сярод іншых, Мерц, паводле словаў прэзідэнта РФ, «можа яму патэлефанаваць».

Мерц: Трамп ставіцца да Расеі ўсё больш крытычна

Канцлер ФРГ таксама выказаў меркаванне, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп дэманструе «рост скепсісу» ў дачыненні да РФ і ставіцца да яе «больш крытычна». «У Еўропе існуе шырокі кансэнсус у дачыненні да гэтай вайны (Расеі супраць Украіны. – Рэд.). Я думаю, прэзідэнт Трамп набліжаецца да гэтай ацэнкі», – заявіў Мерц.

Акрамя таго ён дадаў, што, хоць патэнцыйныя новыя амерыканскія санкцыі супраць РФ нанясуць шкоду таксама і эканоміцы ЗША, у Сенаце, тым не менш, прадаўжаецца іх інтэнсіўнае абмеркаванне, і «апошняе слова будзе за прэзідэнтам». «Я раблю ўсё магчымае, каб гарантаваць, што Еўрапейскі Звяз і Злучаныя Штаты ўвядуць больш жорсткія санкцыі паралельна», – падкрэсліў Мерц.

Апошнія навіны