Пуцін нечакана захацеў скараціць выдаткі на «абарону»
- 27.06.2025, 20:27
Ужо няма грошай на вайну?
Расея плануе хуткім часам пачаць скарачэнне «абаронных» выдаткаў. Цяпер Крэмль выдаткоўвае на «абарону», у тым ліку і на вайну ва Украіне, прыкладна 13,5 трыльёна рублёў (амаль 172 мільярды даляраў) у гадавым вымярэнні.
Пра гэта расейскі дыктатар Пуцін заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў Менску, паведамляе РБК-Украіна.
Сярод іншага Пуцін ацаніў увесь валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Расеі на 223 трыльёны рублёў. А Расея, паводле ягоных словаў, выдаткоўвае на вайну 6,3% ВУП, што і складае тыя самыя 13,5 трыльёна рублёў.
«Шмат ці мала? Нямала, нямала, нямала. Мы заплацілі за гэта інфляцыяй», – прызнаў Пуцін.
Пры гэтым дыктатар заявіў, што Расея плануе скарачаць «абаронныя» выдаткі. Аднак не стаў гаварыць, з якога года гэта адбудзецца. Затое раскрытыкаваў Еўропу, якая, паводле словаў Пуціна, актыўна нарошчвае абаронныя выдаткі, што Крамлю вельмі не падабаецца.