Трамп жорстка адказаў Ірану
- 27.06.2025, 20:42
Прэзідэнт ЗША прыгразіў ударамі ў будучыні.
ЗША гатовыя нанесці авіяўдары па Іране, калі высветліцца, што Тэгеран ізноў можа вырабіць ядзерную бомбу.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа.
Падчас свайго выступу Трамп адказаў на ўчорашнюю заяву аяталы Ірана Алі Хаменеі пра тое, што яны нібыта перамаглі ў вайне.
– Паслухайце, вы чалавек вялікай веры, чалавек, якога вельмі паважаюць у вашай краіне. Вы павінны гаварыць праўду. Вас жорстка збілі. І Ізраіль таксама збілі. Абодвух збілі, – адзначыў амерыканскі лідар.
Ён таксама папярэдзіў Тэгеран, што ЗША і надалей гатовыя наносіць удары па Іране, калі ўзнікне такая неабходнасць.
– Я без сумневу зноў буду бамбаваць Іран, калі высветліцца, што Іран мае ўран, узбагачаны да ўзроўню, неабходнага для вырабу бомбы, – дадаў ён.
У той самы час у сваёй заяве на Truth Social Трамп падкрэсліў, што заява Хаменеі, нібыта той перамог у вайне з Ізраілем, з'яўляецца хлуснёй.
– Як чалавек вялікай веры, ён не павінен хлусіць. Ягоная краіна была знішчаная, тры ягоныя злачынныя ядзерныя аб'екты былі знішчаныя, і я дакладна ведаў, дзе ён хаваўся, і не дазволіў Ізраілю ці ўзброеным сілам ЗША, якія з'яўляюцца самымі магутнымі ў свеце, пакласці канец ягонаму жыццю. Я выратаваў яго ад вельмі выродлівай і ганебнай смерці, і ён не павінен казаць: «Дзякуй, прэзідэнт Трамп!»– падкрэсліў прэзідэнт ЗША.
Трамп хацеў скасаваць санкцыі ў дачыненні да Ірана.
У той самы час ён паведаміў, што цягам апошніх некалькіх дзён працаваў над магчымым скасаваннем санкцый і іншымі рэчамі, якія далі б Ірану значна лепшыя шанцы на поўнае, хуткае аднаўленне.
– Але не, замест гэтага я атрымаў заяву, поўную злосі, нянавісці і агіды, і неадкладна спыніў усю працу над скасаваннем санкцый і іншым. Іран павінен вярнуцца ў сусветны парадак, інакш сітуацыя для яго толькі пагоршыцца. Яны заўсёды такія раз'юшаныя, варожыя і няшчасныя, і паглядзіце, да чаго гэта іх прывяло – да спаленай, разбуранай краіны, без будучыні, з знішчаным войскам, жахлівай эканомікай і смерцю вакол іх, – падсумаваў Трамп.