На газавым рынку Еўропы здарыўся найбуйнейшы за два гады тыднёвы абвал коштаў
- 27.06.2025, 21:04
Што стала прычынай?
Еўрапейскі рынак газу прадэманстраваў наймацнейшы тыднёвы абвал з ліпеня 2023 года дзякуючы спаду напружанасці на Блізкім Усходзе.
У той час як асноўная ўвага ўдзельнікаў рынку ў сувязі з ірана-ізраільскай вайной была прыкаваная да коштаў нафты, з Персідскага заліва вывозяцца і вялікія аб'ёмы звадкаванага газу, піша The Moscow Times.
Ф'ючэрс Dutch TTF упаў у пятніцу на 3,2%, закончыўшы драматычны тыдзень, падчас якога газ на галоўнай еўрапейскай гандлёвай пляцоўцы патаннеў на 19,5%. Папярэдні тыдзень кошт закончыў на адзнацы 40,93 еўра / МВт г, а цяперашні – на 32,93 еўра ($ 407 за 1000 кубаметраў; выяўлены ў далярах кошт вышэйшы, чым кошт для еўрапейцаў у еўрах, праз падзенне курсу даляра з пачатку года больш чым на 13% да самага нізкага ўзроўню з верасня 2021 года).
Абвал пачаўся ў аўторак услед за коштамі нафты і ў выніку абвяшчэння пра спыненне баявых дзеянняў паміж Ізраілем і Іранам. Такім чынам, была знятая пагроза блакавання Іранам Армузскага праліва, праз які праходзіць блізу 20% сусветнага трафіку ЗПГ.
Частка еўрапейскага марскога імпарту паступае з Катара (блізу 10%), а таксама ААЭ, якія маглі б быць адрэзаныя ад сваіх пастаўшчыкоў у выніку эскалацыі ў Персідскім заліве, на выхадзе з якога танкеры праходзяць праз вузкі Армузскі праліў. «Праблемы з транзітам праз любы з асноўных сусветных [транспартных] вузлоў звычайна прыводзяць да павелічэння выдаткаў, часу ў шляху і збояў у сусветным гандлі», – гаворыцца ў пятнічным адказе Інстытута эканомікі энэргетыкі і фінансавага аналізу. Цяперашняя сітуацыя чарговы раз прадэманстравала схільнасць нафтагазавага рынку да падобных рызыкаў, адзначылі аналітыкі.
Зніжэнню коштаў у Еўропе спрыяе і нізкі попыт у Кітаі, эканоміка якога запавольваецца і актыўна пераходзіць на аднаўляльныя крыніцы энэргіі. Кітай з пачатку года ўвогуле не набывае ЗПГ у ЗША праз слабасць эканомікі, рост унутранай здабычы і спрэчкі пра мыты са сваім галоўным гандлёвым партнёрам. Пастаўкі паводле доўгатэрміновых кантрактаў кітайскія кампаніі перанакіроўваюць у Еўропу.
Сховішчы ў ЕЗ запоўненыя на 57,6 адсотка; гэта менш за сярэдняе значэнне за апошнія пяць гадоў (перавышае 60%), але ў Еўропу цяпер паступае больш ЗПГ, чым звычайна ў гэты час года, адзначае Bloomberg. Снежаньскі ф'ючэрс закончыў тыдзень на адзнацы, якая не моцна перавышае кошт найбліжэйшага кантракту, – 35,84 еўра/МВт г.