BE RU EN

Сенсацыя на раскопках Крэўскага замка здзівіла нават археолагаў

  • 29.06.2025, 17:25

Падмурак трэцяй вежы захоўваў таямніцу.

Экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі на чале з гісторыкам Алегам Дзярновічам працягвае вывучаць Крэўскі замак.

Цяпер усю ўвагу надаюць трэцяй вежы, пра якую стала вядома толькі ў сярэдзіне 2023 года, піша «Точка».

Падчас раскопак археолагі «дабраліся» да канструкцый, на якіх стаіць падмурак вежы. І вельмі здзівіліся матэрыялу, з якіх яны зробленыя.

Будаўнічы прыём

Нягледзячы на тое, што сам замак мураваны, пад ім знайшлі драўляныя палі. Яны былі ўбітыя ў зямлю пад кутом, каб размеркаваць ціск каменных падмуркаў на вільготную глебу.

«Менавіта складаны гідралагічны рэжым абумовіў гэты будаўнічы прыём – замак быў пабудаваны на балоцістай глебе. Такая была фартыфікацыйная канцэпцыя, каб абцяжарыць перасоўванне сценабітных прыстасаванняў», – патлумачылі ў Telegram-канале Інстытута гісторыі.

Пад падлогай таксама знайшлі чатырохметровую драўляную бэльку. На ёй добра відаць сляды пажару 1433 года, калі князь Свідрыгайла штурмаваў Крэўскі замак.

Цяпер спецыялісты абмяркоўваюць магчымасць кансервацыі і захавання драўляных канструкцый, каб іх можна было прадставіць у будучым музеі замка.

Апошнія навіны