BE RU EN

Пілігрымы з усёй Беларусі ідуць у Будслаў

  • 29.06.2025, 19:19

Калі адбудзецца фэст.

Беларускія каталікі адкрылі летні сезон пілігрымак. Многія вернікі з розных куткоў краіны вырашылі дабірацца на традыцыйны штогадовы фэст пешшу.

Першымі выйшлі каталікі з Ліды і Баранавічаў – яны ў дарозе з 26 чэрвеня. Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка адправілася са Смаргоні 29 чэрвеня.

І гэта толькі малая частка пілігрымаў: іх чакаюць з Менска, Ракава, Пастаў, Гародні, Вілейкі, Глыбокага... Нехта дойдзе пешшу. Хтосьці будзе ехаць на роварах.

У 2024 годзе ў Будслаў пешшу і на роварах прыбылі блізу 2000 каталікоў.

Будслаўскі фэст нават унесены ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO.

Сотні кіламетраў, начлегі ў намётах - усё дзеля таго, каб прыйсці да Маці Божай Будслаўскай.

Святкаванне ўрачыстасці сёлета прыпадае на 4 і 5 ліпеня і пройдзе пад дэвізам "Міласэрнасць Божая - давяраем табе", піша Catholic.by.

Падчас фэсту ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбудзецца прысвячэнне Менска-Магілёўскай мітраполіі, гэта значыць Касцёла ў Беларусі, Божай міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.

«Заахвочваю ўсіх пілігрымаў… маліцца аб ласцы Божай міласэрнасці і аб спакоі ў свеце. Спадзяюся таксама на малітоўную падтрымку тых, хто з-за хваробы ці пажылога ўзросту не можа ўдзельнічаць у пілігрымцы, і прашу вас, мае дарагія, ахвяраваць свае цярпенні ў гэтай інтэнцыі», – звярнуўся да вернікаў арцыбіскуп Іосіф Станеўскі.

На працягу двух дзён – 4 і 5 ліпеня – вернікі змогуць пакланіцца цудатворнаму абразу Будслаўскай Божай Маці і памаліцца перад ім.

У першы дзень фэсту а 18.00 плануецца святая імша. А 21:00 пачнецца Крыжовы шлях. А 23:30 - працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. Пасля гэтага роўна апоўначы будзе Набажэнства.

Галоўная імша пачнецца 5 ліпеня а 11:30 - на ёй Іосіф Станеўскі правядзе Акт пасвячэння Божай міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.

Апошнія навіны