BE RU EN

Азербайджан адмяніў візіт віцэ-прэм'ера Расеі

  • 29.06.2025, 19:26

Таксама Баку адмяніў усе сумесныя мерапрыемствы пасля арышту сяброў дыяспары.

Азербайджан адмовіўся прымаць віцэ-прэм'ера Расіі Аляксея Аверчука праз аблаву на прадстаўнікоў сваёй дыяспары ў Екацярынбургу, у выніку якой былі затрыманы дзясяткі чалавек і двое загінулі. Крыніцы Minval паведамілі, што прызначаны на канец чэрвеня візіт намесніка старшыні ўрада РФ быў адменены. "У такім становішчы азербайджанскі бок не лічыць дарэчным прыезд Аверчука або іншых расейскіх афіцыйных асоб", — сказаў суразмоўца выдання.

У сваю чаргу Міністэрства культуры Азербайджана аб'явіла пра адмену ўсіх сумесных з РФ мерапрыемстваў, запланаваных да правядзення ў рэспубліцы. Гэта канцэрты, фестывалі, спектаклі і выставы, незалежна ад таго, кім яны былі арганізаваныя. Прычынай назвалі "дэманстратыўныя, мэтанакіраваныя пазасудовыя забойствы і акты гвалту, учыненыя праваахоўнымі органамі Расеі супраць азербайджанцаў паводле этнічнай прыкметы ў Екацярынбургу". Ведамства таксама адзначыла, што "апошнім часам такія выпадкі набылі сістэматычны характар".

Акрамя таго, па той жа прычыне адмяніла візіт у Расею парламенцкая дэлегацыя Азербайджана на чале з першым віцэ-спікерам Алі Ахмедавым. У прэс-службе ўдакладнілі, што дэпутаты не будуць удзельнічаць у 23-м пасяджэнні Камісіі ўміжпарламенцкім супрацоўніцтве дзвюх краін, якое павінна было адбыцца ў Маскве.

27 чэрвеня супрацоўнікі ФСБ правялі рэйды ў дамах азербайджанцаў у Екацярынбургу ў справе аб нераскрытых забойствах, учыненых у 2001, 2010 і 2011 гадах. Падчас аперацыі загінулі браты Зіядзін і Гусейн Сафаравы, якія былі асноўнымі падазраванымі ў расправе над бізнэсоўцам Юнісам Пашаевым. У аддзел былі дастаўленыя больш за 50 чалавек.

Апошнія навіны