Bloomberg: Temu і Shein імкнуцца скарыць Еўропу, але для Кітая
- 3.06.2025, 14:15
Аднак рынак ЗША застаецца прыярытэтам.
Пасля ўвядзення прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам высокіх тарыфаў на кітайскі імпарт кітайскія кампаніі, уключаючы найбуйнейшыя анлайн-платформы Temu і Shein, пачалі актыўны пошук альтэрнатыўных рынкаў у Еўропе і Аўстраліі, піша Bloomberg.
Для гэтых кампаній амерыканскі рынак усё яшчэ займае прыкладна 70% ад агульнага аб'ёму продажу, і нягледзячы на ўзнікненне рызыкі, ЗША застаецца для іх галоўным кірункам бізнэсу.
Тарыфы, а таксама скасаванне льготы на імпарт дробных пасылак (de minimis), зрабілі пастаўкі ў ЗША значна даражэйшымі. Гэта прывяло да росту коштаў тавараў на платформах Shein і Temu больш чым на 20%, што адбілася на зніжэнні іх продажаў у ЗША на 16-19% у першыя месяцы 2025 года.
У спробе прыцягнуць еўрапейскіх пакупнікоў платформы значна павялічылі рэкламныя бюджэты: рэкламная актыўнасць Temu ў Еўропе вырасла ў 12 разоў у параўнанні з мінулым годам. Платформы субсідуюць дастаўку і часткова кампенсуюць кошт заказаў. Аднак кітайскія прадаўцы пакуль асцярожна выходзяць на еўрапейскі рынак праз яго высокую фрагментаванасць, складанасці з падаткамі (напрыклад, ПДВ у кожнай краіне), неабходнасцю пераводзіць інструкцыі на некалькі моў і строгіх стандартаў бяспекі.
Еўрапейскія рэгулятары ўзмацнілі кантроль над таварамі з Кітая: праверкі выявілі небяспечныя лазерныя ўказкі і цацкі з таксічнымі рэчывамі. ЕЗ разглядае ўвядзенне новых правіл, у тым ліку лічбавыя пашпарты тавараў і зборы з платформаў, каб абараніць спажыўцоў і стварыць роўныя ўмовы для мясцовых вытворцаў.
У той жа час кітайскія кампаніі працягваюць інвеставаць у амерыканскі рынак, дзе ў іх ужо сфармаваныя эфектыўныя ланцужкі паставак і глыбокае разуменне спажывецкіх пераваг.
Эксперты мяркуюць, што калі тарыфы ў ЗША зноў перавысяць 54%, многія кітайскія кампаніі будуць вымушаныя цалкам пераключыцца на Еўропу і іншыя рынкі.
Кітай актыўна пашырае прысутнасць у Еўропе, але ЗША застаецца для яго занадта буйным і важным рынкам, каб пакідаць яго зараз. Еўропа пакуль успрымаецца хутчэй як запасны варыянт і доўгатэрміновая перспектыва развіцця.