NYT: Як уладкаваная палітыка Трампа
- 3.06.2025, 14:36
ЗША перабудоўваюць сусветную архітэктуру пад уласныя інтарэсы.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа мяняе падыход да хаўруснікаў, фармуючы новую замежнапалітычную мадэль, арыентаваную на ўгоды і прагматызм, мяркуе экспертка ў замежнай палітыцы Эма Эшфард, паведамляе The New York Times (пераклад — сайт Charter97.org).
Замежная палітыка ЗША зведала якасныя змены з прыходам Трампа. ЗША робіць стаўку на нацыянальны суверэнітэт, пераразмеркаванне адказнасці і адмову ад безумоўнай падтрымкі хаўруснікаў.
Адміністрацыя ЗША ўсё часцей дэманструе прагматычны, рэалістычны падыход - замест звыклай замежнапалітычнай дактрыны ЗША наладжваюць стасункі са светам праз прызму «ўгодаў» і «наўпроставай выгады».
Падтрымка Украіны прыкметна скарацілася: аб'ём паставак узбраенняў зменшаны, а новае пагадненне, падпісанае пасля візіту Зяленскага, носіць пераважна эканамічны характар.
Ключавым поспехам першага тэрміну Трампа застаюцца «Аўраамавыя дамовы». Цяпер ён спрабуе пашырыць іх уплыў, уключаючы Савудаўскую Арабію, аднак канфлікт у Газе сур'ёзна ўскладняе такую нармалізацыю. Наконт Ірана Трамп змяніў тактыку — ад палітыкі максімальнага ціску да дыялогу, хаця з больш жорсткімі патрабаваннямі.
Ва ўмовах абвастрэння дачыненняў з Расеяй Трамп імкнецца трымацца далей ад Пуціна, пры гэтым застаючыся адкрытым да перамоў. Тым не менш, Расея пакуль не праяўляе жадання ісці на пагадненне.
Эксперты зазначаюць, што за адмовай ад традыцыйнага інтэрвенцыянізму хаваецца спроба стварыць новую замежнапалітычную архітэктуру. Паводле аналогіі з рэформамі Ніксана, гэтая мадэль арыентаваная на зніжэнне ўцягнутасці ЗША ў ваенныя канфлікты, узмацненне ролі хаўруснікаў і пераход да прагматычнай шматпалярнасці.
Калі Трамп здолее рэалізаваць гэты падыход, ён можа пакінуць пасля сябе не хаос, а новую стратэгічную структуру глабальнага ўплыву ЗША. У адваротным выпадку - адсутнасць выразнай лініі і эмацыйныя рэакцыі могуць прывесці да міжнароднай нестабільнасці.