Парламент Манголіі адправіў у адстаўку прэм'ер-міністра
- 3.06.2025, 18:02
На працягу тыдняў ва Улан-Батары ішлі антыкарупцыйныя пратэсты.
Прэм'ер-міністр Манголіі Луўсанамсрайн Оюўн-Эрдэнэ ў аўторак, 3 чэрвеня, на фоне антыкарупцыйных пратэстаў, якія прадаўжаюцца ў сталіцы краіны Улан-Баторы ўжо некалькі тыдняў абвясціў, што сыходзіць у адстаўку.
Напярэдадні пастанову аб адстаўцы кіраўніка ўрада пасля тайнага галасавання прыняў вялікі дзяржаўны хурал (парламент) Манголіі.
Інфармагенцтвы ўдакладняюць, што Луўсаннамсрайн Оюун-Эрдэнэ працягне выконваць свае абавязкі да прызначэння новага прэм'ер-міністра. Паводле законк новы кіраўнік мангольскага ўрада павінен быць прызначаны на працягу 30 дзён.
Са звестак сусветных агенцтваў, удзельнікі пратэстаў ва Улан-Батары патрабуюць ад Оюун-Эрдэнэ назваць крыніцу даходу ягонага 22-гадовага сына, нявеста якога апублікавала ў сацсетках здымкі дарагіх падарункаў ад яго, у тым ліку пярсцёнкі з дыяментам, аўтамабілі і брэндавыя торбы. Распаўсюджаным воклічам на пратэстах, якія падтрымала мноства маладых людзей, як піша агенцтва AFP, была фраза: «Resignation is easy» (Адстаўка — гэта проста).
Луўсаннамсрайн Оюун-Эрдэнэ займаў пасаду прэм'ер-міністра Манголіі з 2021 года. Усе абвінавачванні ў карупцыі, выстаўленыя супраць яго, ён адмаўляе.