У Беларусі плануюць увесці «чыстыя чацвяргі»
- 30.06.2025, 19:37
Прыбіраць, касіць траву і ўсталёўваць лавачкі зараз трэба строга адпаведна графіку.
Чыноўнікі анансавалі правядзенне «адзіных дзён добраўпарадкавання» ва ўсёй Беларусі. Пра гэта расказаў начальнік менскай гарадской гаспадаркі і энэргетыкі Менгарвыканкама Аляксандр Ракаўшчык.
У Менску ўжо дзейнічае паняцце «чысты чацвер», кажа ён. У гэты дзень ад суб'ектаў гаспадарання патрабуюць прыбіраць замацаваныя за імі тэрыторыі, каб яны выглядалі аднолькава акуратна. Цяпер такі адзіны дзень уборкі тэрыторый прапануецца ўвесці ўжо на ўзроўні рэспублікі.
У самім Менску да арганізацый ужываюць патрабаванні не проста прыбіраць гарадскія тэрыторыі, а менавіта ўпарадкоўваць іх - усталёўваць лаўкі, рабіць кветнікі.
Прадстаўнік Менгарвыканкама таксама ўдакладніў, што ў сталіцы, як і ў краіне, траву абавязаны касіць не радзей як адзін раз у месяц. Аднак калі праз дажджы вышыня травы раней за тэрмін перавысіла 20 сантыметраў, то яе абавязаны скасіць.