BE RU EN

Украіна атрымала мільярды з замарожаных актываў Расеі

  • 30.06.2025, 18:17

Колькі перадала Канада.

Украіна атрымала ад Канады блізу 1,7 млрд даляраў у рамках ініцыятывы ERA. Гэта сродкі, забяспечаныя прыбыткамі ад замарожаных расейскіх актываў

Пра гэта прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль напісаў у Telegram.

«Супольна з партнёрамі прымушаем Расею плаціць за здзейсненыя ёю злачынствы і разбурэнні. З пачатку года з улікам апошняга траншу атрымалі блізу 17,6 млрд даляраў за кошт абезрухоўленых актываў РФ», – напісаў Шмыгаль.

Прэм'ер-міністр таксама падзякаваў Канадзе і ўсім, хто далучаны да гэтай праграмы. Ён таксама настойвае на поўнай канфіскацыі замарожаных сродкаў Расеі.

«Яны патрэбныя для выплаты кампенсацый пацярпелым ад агрэсіі і для аднаўлення нашай дзяржавы. Гэта таксама будзе актам справядлівасці для папярэджання агрэсіўных войнаў у будучыні», – заявіў прэм'ер.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны заходнія краіны замарозілі блізу 300 мільярдаў даляраў, якія належаць Цэнтральнаму банку РФ. Асноўная частка гэтых актываў захоўваецца ў Еўропе, пераважна ў сістэме Euroclear, размешчанай у Бельгіі. Санкцыі таксама закранулі маёмасць расейскіх дзяржкампаній і асобаў, якія знаходзяцца пад абмежаваннямі.

З цягам часу міжнародныя партнёры пачалі накіроўваць прыбыткі ад гэтых замарожаных сродкаў на падтрымку Украіны. Напрыклад, нядаўна стала вядома, што Украіна атрымае ад Брытаніі 350 сучасных ракетаў, якія Лондан набудзе за сродкі, атрыманыя ад актываў.

Апошнія навіны