УСУ вызвалілі Андрэеўку ў Сумскай вобласці
- 30.06.2025, 18:23
Расейцы спыненыя і адкінутыя.
Украінскае войска прадаўжае не толькі стрымліваць расейскія войскі на поўначы, але і вяртаць кантроль над захопленай тэрыторыяй. У Сумскай вобласці вызвалены пасёлак Андрэеўка – лінія фронту стабілізаваная.
УСУ ў апошнія тыдні праводзілі актыўныя дзеянні на Паўночнаслабажанскім кірунку і ў раёне Курскай вобласці. Паводле афіцыйных звестак, дзякуючы гэтым аперацыям удалося:
– вызваліць населены пункт Андрэеўка;
– прасунуцца ў раёне Аляксееўкі, адціснуўшы расейскія падраздзяленні далей ад Сумаў;
– стабілізаваць лінію судотыку на мяжы Юнакоўка – Яблуноўка – Новамікалаеўка – Аляксееўка – Кандратаўка – мяжа РФ – плацдармы ў Курскай вобласці.
Праціўнік кідае найлепшыя сілы
Расея, каб утрымаць пазіцыі, сабрала на гэтым адрэзку фронту блізу 50 тысячаў вайскоўцаў, уключаючы марскую пяхоту, дэсантна-штурмавыя падраздзяленні і найбольш баяздольныя мотастралковыя часці. Таксама актыўна ўжываюцца авіяцыя, дальнабойная артылерыя і ўдарныя дроны. Нягледзячы на гэта, УСУ наносяць сур'ёзныя страты акупантам: толькі ў чэрвені вораг страціў блізу 9310 чалавек, з якіх больш за 4470 – незваротна. Яшчэ 42 акупанты здаліся ў палон.
Што гэта значыць
Вызваленне Андрэеўкі і стабілізацыя лініі фронту – важны поспех Украіны, які паказвае, што, нягледзячы на масаваныя атакі, расейскае войска не здольнае пераламіць сітуацыю на сваю карысць. Гэтыя дасягненні УСУ дэманструюць, што наступальны патэнцыял акупантаў паступова высільваецца, а ўкраінскія абаронцы паслядоўна вяртаюць захопленыя тэрыторыі і ўтрымліваюць стратэгічную ініцыятыву.
Сістэмныя ўдары па расейскіх тылах
Украінская артылерыя і беспілотнікі падбіваюць цэлі ў глыбіні да 100 кіламетраў, у тым ліку на тэрыторыі Расеі. У чэрвені знішчаныя: 16 камандных пунктаў, 3 склады боепрыпасаў, 3 базы захоўвання беспілотнікаў, лагістычная база і нафтабаза, больш за 420 адзінак тэхнікі, уключаючы танкі, бронемашыны і артылерыю. З пачатку Курскай аперацыі ў жніўні 2024 года агульныя страты ворага на гэтым кірунку дасягнулі больш за 75 800 чалавек, у тым ліку больш за тысячу палонных.