BE RU EN

Расея заблакуе 15 еўрапейскіх СМІ

  • 30.06.2025, 18:49

У адказ на санкцыі ЕЗ.

Улады Расеі заблакуюць доступ да сайтаў 15 еўрапейскіх СМІ, заявіла ў панядзелак, 30 чэрвеня, Міністэрства замежных справаў РФ. Яно растлумачыла, што такая пастанова прынятая ў адказ на 16-ы санкцыйны пакет Еўрапейскага Звязу, у які былі ўключаныя восем расейскіх выданняў і каналаў, у тым ліку Eurasia Daily, Lenta і «Чырвоная зорка».

У Маскве абвінавацілі еўрапейцаў у «раскручванні санкцыйнай спіралі». Якія менавіта еўрапейскія СМІ будуць заблакаваныя, не ўдакладняецца. «Калі абмежаванні ў дачыненні да айчынных выданняў і інфармацыйных каналаў будуць знятыя, расейскі бок таксама перагледзіць сваю пастанову ў дачыненні да еўрапейскіх СМІ», – дадалі ў расейскім МЗС.

Еўразвяз прыняў 16-ы пакет санкцый 24 лютага 2025 года, у трэція ўгодкі поўнамаштабнага ваеннага ўварвання РФ ва Украіну. У штрафны пералік Брусэль унёс 48 фізічных і 35 юрыдычных асобаў. У ліку іншага былі пашыраныя захады барацьбы з дэзынфармацыяй і прыпыненая дзейнасць яшчэ васьмі прапагандысцкіх медыяў у ЕЗ або накіраваных на еўрапейскую аўдыторыю.

Выданні EADaily / Eurasia Daily, Fondsk, Lenta, NewsFront, RuBaltic, SouthFront, Strategic Culture Foundation і «Чырвоная зорка» ўключаныя ў чорны спіс за тое, што яны «падтрымліваюць і апраўдваюць расейскую агрэсію супраць Украіны». Іх ліцэнзіі на вяшчанне ў ЕЗ былі прыпыненыя. Аднак штрафныя захады не перашкодзяць гэтым СМІ і іх супрацоўнікам «ажыццяўляць у ЕЗ дзейнасць, адрозную ад вяшчання, напрыклад праводзіць даследаванні і даваць інтэрв'ю», падкрэслілі ў Брусэлі.

Апошнія навіны