BE RU EN

У Беларусі зменяцца правілы рэгістрацыі і ліквідацыі бізнэсу

  • 30.06.2025, 22:05

Новы закон.

«Палата прадстаўнікоў» у першым чытанні прыняла закон «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання».

Як паведамілі ў прэс-службе ніжняй палаты «парламента», дакумент уносіць істотныя змены ў працэдуры стварэння і закрыцця бізнэсу, накіраваныя на спрашчэнне адміністрацыйных працэсаў і ўзмацненне кантролю.

Закон уводзіць рэгістрацыю кампаній паводле тыпавых статутаў і мяняе парадак выхаду ўдзельнікаў з гаспадарчых таварыстваў, прадугледжваючы абавязковае натарыяльнае пасведчанне такіх дзеянняў, заўважыў MyFin.

Таксама сярод ключавых новаўвядзенняў – скарачэнне тэрмінаў пастаноўкі на ўлік у дзяржаўных органах з 5 да 3 працоўных дзён.

Закон прадугледжвае стварэнне электроннага архіва дакументаў і ўстанаўлівае адзіны тэрмін 5 каляндарных дзён (замест 7 дзён) для падачы выпісак з Адзінага дзяржаўнага рэгістра для ўсіх катэгорый заяўнікаў.

Больш абавязкаў

Асаблівая ўвага аддадзена пытанням празрыстасці: узмоцненыя патрабаванні да верыфікацыі інфармацыі аб бенефіцыярных уласніках, уведзены абавязак паказваць і своечасова абнаўляць электронную пошту кампаніі, якая набывае юрыдычнае значэнне.

Скарачаецца колькасць рэгістравальных органаў – з іх ліку выключаюцца адміністрацыі свабодных эканамічных зонаў. Цяпер асноўным прынцыпам, паводле якога будзе вызначацца рэгістравальны орган, будзе ягонае месца знаходжання.

Умовы ліквідацыі

У той самы час рэгістравальныя органы атрымаюць права адмаўляць у рэгістрацыі пры выяўленні пагрозаў нацыянальнай бяспецы.

У працэдуры ліквідацыі кампаній з'явіліся новыя механізмы абароны правоў крэдытораў, у тым ліку магчымасць судовай забароны на ліквідацыю і павелічэнне тэрміну прыпынення працэдуры на патрабаванне крэдытора з 2 да 3 месяцаў.

Заснавальнікі і ліквідатары могуць быць змушаныя да субсідыярнай адказнасці за парушэнні пры закрыцці бізнэсу.

Адзначаецца, што змены былі складзеныя з улікам рэкамендацый гарманізацыі беларускага заканадаўства з нормамі Еўразійскага эканамічнага звязу.

Апошнія навіны