BE RU EN

Адзін з найбуйнейшых металургічных заводаў РФ перавялі на няпоўны тыдзень

  • 30.06.2025, 21:17

Праз фінансавыя праблемы.

Чэлябінскі электраметалургічны камбіната (ЧЭМК), найбуйнейшы ў РФ вытворца ферасплаваў, з 1 верасня пераходзіць на чатырохдзённы працоўны тыдзень, паведамілі ў прэс-службе кампаніі.

Кіраўніцтва ЧЭМК, які быў нацыяналізаваны ў 2024 годзе, абгрунтоўвае неабходнасць такога захаду «значнай валацільнасцю курсу валютаў», «неспрыяльнымі ўмовамі» на рынку ферасплаваў, а таксама істотным скарачэннем попыту з боку кампаній-спажыўцоў, паведамляе «Коммерсант».

«У мэтах забеспячэння фінансава-эканамічнай устойлівасці ЧЭМК рэалізуецца антыкрызісная праграма, у рамках якой з 1 верасня адміністрацыйны персанал усіх структурных падраздзяленняў пераводзіцца на няпоўны працоўны тыдзень да канца 2025 года. Ніякіх скарачэнняў персаналу не плануецца», – запэўнілі ў прэс-службе прадпрыемства. Новая схема працы закране 1,2 тысячы супрацоўнікаў прадпрыемства, на дзель якога прыпадае 80% аб'ёму вырабу ферасплаваў (сплаваў жалеза з крэмніем, марганцам, хромам і інш.), што выкарыстоўваюцца пры выплаўленні сталі, у краіне.

У кампаніі дадалі, што кіраўніцтва верне ранейшы графік у выпадку нармалізацыі сітуацыі на рынку і стабілізацыі валютных курсаў.

ЧЭМК быў створаны ў 1929 годзе. Да лютага 2024 года прадпрыемствам валодала АТ «Кампанія „Эталон“», якое належыць Юрыю і Людміле Анціпавым. У канцы лютага таго года суд Свярдлоўскай вобласці пастанавіў перадаць ва ўласнасць дзяржавы акцыі АТ «Чэлябінскі электраметалургічны камбінат», АТ «Сяроўскі завод ферасплаваў» і АТ «Кузнецкія ферасплавы», якія ўваходзяць у ЧЭМК.

Паводле версіі Генпракуратуры РФ, заводы, якія выпускалі прадукцыю ў тым ліку для ваеннай прамысловасці РФ, былі незаконна прыватызаваныя сям'ёй Анціпавых, а таксама пастаўлялі прадукцыю ў «несяброўскія краіны», што нанесла страты нацыянальным інтарэсам. Цяпер ЧЭМК знаходзіцца пад кіраваннем Расмаёмасці. Паводле звестак «СПАРК-Інтэрфакс», у 2023 годзе выручка прадпрыемства перавысіла 81,5 млрдрублёў пры чыстай страце на 519,4 млн рублёў.

Скарачэнне працоўнага тыдня на Чэлябінскім ЭМК адбылося на фоне сур'ёзных праблемаў у металургічнай галіне РФ, абумоўленых узмацненнем жорсткасці міжнародных санкцый, стратай знешніх рынкаў і ростам стаўкі Цэнтрабанка.

Паводле звестак «Рускай сталі», з пачатку вайны супраць Украіны аб'ёмы экспарту сталі з РФ скараціліся з 32 млн тонаў у 2021 годзе да 20 млн летась. Унутраны попыт асеў у 2024 годзе на 6%, а ў гэтым годзе можа абваліцца яшчэ на 10%, асцерагаюцца ў аб'яднанні. Паводле ацэнкі гендырэктара «Поўначсталі» Аляксандра Шавялёва, у 2025-м унутры Расеі попыт на сталь можа знізіцца з 43–45 млн тонаў да 39 млн тонаў.

У 2024-м вытворчасць сталі ў Расеі ўпала на 8,6% – рэкордна сярод усіх найбуйнейшых краінаў-вытворцаў, а за студзень – красавік 2025-га – яшчэ на 7,2%.

У сярэдзіне чэрвеня кіраўнік Мінпрамгандлю РФ Антон Аліханаў паведаміў, што ўлады рыхтуюцца знізіць падатковую нагрузку для вытворцаў сталі. Так, з 2026 года можа быць павышаны парог кошты, пры якой кампаніі плацяць у бюджэт акцыз на вадкую сталь (цяпер ён складае 30 тысячаў рублёў за тону сляба).

У цэлым металургія забяспечвае працай больш за 600 тысячаў расейцаў, на яе прыпадае 10% экспартных прыбыткаў краіны.

Апошнія навіны