BE RU EN

У Расеі загарэўся другі за два дні завод вытворчасці матораў для вайсковай тэхнікі

  • 4.06.2025, 9:31

Пажар успыхнуў у Яраслаўлі.

Уночы 4 чэрвеня на маторным заводзе «Аўтадызель» у Яраслаўлі ўспыхнуў пажар, які ахапіў цэх вытворчасці 12-цыліндравых рухавікоў, паведамілі ў рэгіянальнай управе МНС. Са звестак ведамства, плошча пажару склала 400 кв. метраў, абышлося без пацярпелых. На ліквідацыю адкрытага агню спатрэбілася больш за паўтары гадзіны. Што стала прычынай узгарання, у МНС не ўдакладнілі. Яраслаўскі маторны завод (ЯМЗ) - адно з найбуйнейшых расейскіх прадпрыемстваў у вытворчасці дызельных рухавікоў шматцэлевага прызначэння, а таксама каробак перадач. У траўні 2024 года ЯМЗ трапіў пад санкцыі ЗША. У абгрунтаванні абмежаванняў адзначалася, што завод вырабляе дызельныя рухавікі для расейскага войска, піша The Moscow Times.

Позна ўвечары 2 чэрвеня выбух і пажар адбыліся на Заволжскім маторным заводзе (ЗМЗ) у Ніжагародскай вобласці. Прычынай, паводле звестак дзяржаўнай працоўнай інспекцыі рэгіёну, стала ўзгаранне грузавіка з цыстэрнай у адным з цэхаў прадпрыемства, у якім захоўваліся хімічныя рэчывы. У выніку пацярпеў адзін рабочы - ён атрымаў апёкі 10% цела. Мужчыну шпіталізавалі. У рэгіянальным МНС ацанілі плошчу пажару на 75 кв. метраў. У 2003 годзе ЗМЗ, які спецыялізуецца на выпуску бензінавых і дызельных матораў, атрымаў дзяржаўны заказ на распрацоўку сямейства канкурэнтаздольных шматцэлевых дызельных рухавікоў аб'ёмам 2,2—3,4 літра. Тады дырэктар прадпрыемства казаў, што яны падыдуць для шырокага спектру мадэляў аўтамабіляў — ад пазадарожнікаў і аўтамабіляў класа «Д» да чатырохтонных грузавікоў і вайсковай тэхнікі.

28 траўня ў Санкт-Пецярбургу ўспыхнуў буйны пажар на тэрыторыі завода «Авангард», які спецыялізуецца на вытворчасці мікраэлектронікі. Узгаранне адбылося ў вытворчай частцы будынка на плошчы 100 кв.метраў. На ліквідацыю пажару спатрэбілася шэсць гадзін. «Авангардю - адно з найстарэйшых прадпрыемстваў у Расеі ў вытворчасці радыёэлектронікі, мікрасхем і розных прыбораў. Завод мае статус Федэральнага навукова-вытворчага цэнтра. Ён таксама ўключаны ў пералік стратэгічных і сістэмаўтваральных прадпрыемстваў Расеі.

Апошнія навіны