BE RU EN

Еўрадэпутат: Міжнародны суд можа прызначыць рэжыму Лукашэнкі рэпарацыі

  • 4.06.2025, 9:48

Гаворка можа ісці пра суму амаль 200 мільёнаў еўраў.

Заява, накіраваная Літвой у Міжнародны суд ААН за арганізаваны беларускімі ўладамі масавы штурм мігрантаў на межах Еўразвязу, стала прэцэдэнтам і можа прывесці да таго, што Беларусі будуць прызначаныя выплаты рэпарацый за гэтыя злачынствы. Ці магчымы такі варыянт падзей, «Белсату» расказаў еўрадэпутат Дайнюс Жэлімас.

Дайнюс Жэлімас патлумачыў, што патанова падаць такую заяву была зробленая пасля выканання пэўных працэдур. Улады Беларусі свядома арганізавалі і заахвочвалі перапраўку мігрантаў з трэціх краін праз літоўскую мяжу і не спрабавалі перашкодзіць гэтаму. Больш за тое, не рабілі неабходных захадаў, каб абараніць гэтых мігрантаў. Гэта трактуецца як парушэнне міжнароднага пратакола аб незаконнай міграцыі.

«Дык вось, у гэтым пратаколе прадугледжваюцца пэўныя патрабаванні: калі адна краіна мяркуе, што іншая парушыла пункты гэтага пратаколу (а менавіта такую пазіцыю займае Літоўская Рэспубліка), спачатку павінны быць прыкладзеныя намаганні для мірнага развязання спрэчкі шляхам перамоў», – адзначае Дайнюс Жэлімас.

Калі ж гэта не ўдаецца – а напраўду, адзначае суразмоўца, гэта не ўдалося, бо было шмат спроб дамовіцца з дапамогай перамоў, – тады прадугледжваецца наступны крок: арбітраж. Але і наконт арбітражу стораны не дамовіліся.

«Як трэцяя мера ёсць зварот у Міжнародны суд, які ўжо і разгледзіць гэтую спрэчку і прызнае ці не прызнае Беларусь адказнай за парушэнні гэтага пратаколу», – кажа еўрадэпутат.

У выніку суд можа прызнаць, што Беларусь сапраўды парушыла пункты пратакола. Калі гэта адбудзецца, Літва можа атрымаць права на рэпарацыі – кампенсацыю дадатковых выдаткаў, якія яна панесла на ўмацаванне мяжы і іншыя звязаныя з гэтым меры. З падлікаў, гаворка можа ісці пра суму амаль 200 мільёнаў еўраў, якая можа быць прызначаная міжнародным судом.

Ці ёсць шанец атрымаць гэтую суму? Дайнюс Жалімас адзначыў, што паказаная сума – гэта разлікі літоўскага ўрада. Калі Міжнародны суд сапраўды возьмецца разглядаць гэтую справу і прызнае, што Беларусь парушыла пратакол, ён сам ацэніць, наколькі дакладна была вызначаная сума, і ўжо сам вызначыць, колькі канкрэтна належыць спагнаць, але ў выніку нейкая сума можа быць прысуджаная.

«Так, вы маеце рацыю: нейкага сілавога механізму, каб прымусіць Беларусь гэтыя грошы выплаціць, не існуе. Але такая пастанова будзе, як кажуць, «вісець», пакуль Беларусь яе не выканае, бо там ужо ніякія апеляцыі або свайго кшталту аспрэчванне гэтай пастановы немагчымыя», – кажа суразмоўца.

Ён мяркуе, што Міжнародны суд ужо выносіў шмат падобных пастаноў, і бывае, што яны выконваюцца толькі праз доўгі час. Але галоўнае тут, мяркуе Жалімас, перавесці справу з палітычнага на юрыдычны ўзровень. І ўжо сам факт таго, што дзяржава афіцыйна прызнаная вінаватай у парушэнні міжнародных абавязанняў і абавязана кампенсаваць шкоду – гэта ўжо пэўны поспех.

Нагадаем, што 19 траўня Літва накіравала заяву ў Міжнародны суд ААН аб парушэнні Беларуссю абавязкаў у рамках пратакола супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, моры і паветры ад 15 лістапада 2000 года, які дапаўняе Канвенцыю ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці.

Апошнія навіны