Генерал СБУ: Пашкоджаная апора можа значна разбурыць Крымскі мост
- 4.06.2025, 11:18
Пасля ўчорашняй атакі Расея спрабуе схаваць усю інфармацыю.
Падчас нядаўняга ўдару па Крымскім мосце Служба бяспекі Украіны зрабіла ўсё, што магла. Пра гэта расказаў генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун у каментары для «Украінскага радыё».
«Калі ставіцца задача і ёсць крэатыў - а крэатыў быў прадэманстраваны і падчас атакі па аэрадромах РФ 1 чэрвеня - то задачу падрыхтавалі і выканалі. Кажуць пра 1100 кг выбухоўкі, але трэба разумець, што гэта эквівалент выбухоўкі. Зразумела, што яе трэба было даставіць пад вадой да аб'екта. Як правіла, пасля такіх нападаў Расея спрабуе схаваць усю інфармацыю і мінімізаваць іміджавыя страты, якія могуць быць вынікам праведзенай аперацыі», - адзначыў ён.
Ягун адзначыў, што як паведамілі ў адміністрацыі Краснадарскага краю, было зроблена ўказанне не прапускаць аўтатранспарт на мост. Паводле яго, цяпер мост перацяты, вакол яго закрытая структура.
«Спадзяюся, што нашы ведалі, дзе ўдарыць і які менавіта ўдар павінен быць балючым. Бо ўкраінскія спецслужбы дзесьці два гады таму атрымалі поўную дакументацыю Крымскага моста, таму разумелі яго болевыя кропкі. Праблема гэтага моста ў тым, што апоры не даходзяць да глебы, а размешчаны на спецыяльных канатах, гэта значыць там плаваюць грунты. Таму пашкоджанне гэтай апоры можа прывесці - калі не цяпер, то восенню ці вясной падчас актыўнага шторму - да значных разбурэнняў»,-патлумачыў генерал-маёр запасу СБУ.
Вайсковец дадаў, што супраціўнік мае задачу ці ўвогуле закрываць мост або тэрмінова яго рамантаваць, каб паспець да восені, таму паўнавартасна выкарыстоўваць мост пакуль немагчыма.
«Расейцы спрабавалі пабудаваць альтэрнатыўную дарогу-чыгунку праз Мелітопаль, але нашым удалося падарваць там частку палатна і пусціць пад адхон вайсковы транспарт. Лагістычны ланцужок пашкоджаны», - падкрэсліў Ягун.
Таксама ў генерал-маёра запасу СБУ спыталі, ці маглі вайскоўцы пашкодзіць мост украінскімі дронамі «Талака» або «Марычка», на што ён адказаў:
«Магчыма, што так. Я не выключаю і заходнія аналагі. Нашы партнёры працавалі над гэтай тэматыкай, і гэта адна з альтэрнатыў. Марскія дроны, якія мы выкарыстоўвалі па флоту РФ, гэта ў нейкай ступені замена баявых надводных караблёў, а згаданая вамі «Марычка» - магчыма, замена падводнага флоту».
Ягун адзначыў, што партнёры перадалі Украіне частку сваіх беспілотнікаў, таму вайкоўцы УСУ маглі выкарыстоўваць і іх.
«Думаю, гэта пакуль застанецца таямніцай - да атрымання афіцыйнай інфармацыі, што і як напаўду адбылося. Усё гэта яшчэ раз кажа пра крэатыў украінскіх спецслужбаў на прадмет таго, як змагацца з ворагам», - запэўніў ён.