Колькі каштуюць туры ў беларускія санаторыі
- 4.06.2025, 11:32
Не кожнаму беларусу такі адпачынак па кішэні.
У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны расказалі, як можна аздаравіцца летам у ведамасных санаторыях, у тым ліку паджылым людзям. Колькі каштуе тур і хто можа атрымаць зніжку, піша tochka.by.
Гаворка ідзе пра санаторыі «Бярэзіна», «Белая Вежа», «Ясельда» і «Вяжуці».
Аздараўленне ў іх каштавацьме больш як Br1000. Столькі каштуе тур на 15 дзён.
Бясплатна або са зніжкай
У Мінпрацы нагадалі, што некаторыя могуць разлічваць на зніжку пры аздараўленні, а сёй-той і зусім можа адпачыць бясплатна. Да апошніх належаць інваліды I і II групы незалежна ад занятасці. Яны могуць бясплатна ездзіць у санаторыі раз на два гады. Суправаджальнікі інвалідаў I групы таксама забяспечваюцца турамі, праўда, без лячэння.
Льготным коштам могуць аздараўляцца непрацоўныя ветэраны працы і непрацоўныя інваліды III групы. Але не часцей за адзін раз на тры гады.
Як правіла, яны аплачваюць 15-20% ад кошту туру ў залежнасці ад даходу і сезону. Атрымліваецца Br150-200.
Колькі людзей адпачыла ў санаторыях
У 2024 годзе беларускія санаторыі прынялі 571,8 тыс. адпачывальнікаў, сярод якіх 31,8% склалі замежныя грамадзяне. Гэтыя звесткі даў Белстат.
Усяго летась беларускія санаторыі наведалі людзі з 67 краін.
Першае месца паводле колькасці адпачывальнікаў у нашых санаторыях займае Расея, другое – Латвія, трэцяе – Азербайджан.
У параўнанні з мінулым годам колькасць замежнікаў узрасла на 15%. Гэта прынесла нашай краіне больш за Br80 млн.