Польшча паказала на хлусню Лукашэнкі
- 4.06.2025, 12:33
Ядзернай зброі ў Беларусі няма.
Сілавыя ведамствы Польшчы не маюць выразнага пацвярджэння прысутнасці расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, заявіў выданню Rzeczpospolita кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі (BBN) Польшчы Дарыюш Лукоўскі.
«Хоць Лукашэнка і заявіў аб наяўнасці ядзернай зброі ў Беларусі, у нас няма важкіх довадаў гэтага», — сказаў кіраўнік BBN.
«Аднак мы ведаем, што рыхтуюцца элементы інфраструктуры, баявыя платформы для размяшчэння такой зброі, праводзіцца навучанне з удзелам расейскіх інструктараў», — адзначыў Лукоўскі.
На ягоную думку, размяшчэнне ядзернай зброі паблізу межаў «з вайсковагу пункту гледжання бессэнсоўна, паколькі яно знаходзіцца ў зоне дзеяння многіх класічных высокадакладных відаў зброі», і з'яўляецца элементам палітычнай гульні.
«Мы таксама ствараем дылемы для таго боку. Адсюль наша зацікаўленасць у паглыбленні супрацоўніцтва ў рамках праграмы Nuclear Sharing (праграма NАТО ў супольным выкарыстанні ядзернай зброі - заўв.). Аналагічныя элементы ляжаць у аснове дамовы аб пашыраным супрацоўніцтве, падпісанага з Францыяй», - дадаў кіраўнік BBN.