Фентаніл дабраўся да Беларусі
- 4.06.2025, 21:07
Транквілізатарам для сланоў гандлявалі ў Пухавіцкім раёне.
У больш чым кілаграме парашку, канфіскаванага ў двух мужчынаў у Пухавіцкім раёне, выявілі вытворнае вядомага наркотыку фентанілу – карфентаніл. Гэтае рэчыва можа выклікаць раптоўную смерць, паведамілі ва ўправе Дзяржкамітэта судовых экспертызаў Менскай вобласці.
У Пухавіцкім раёне з незаконнага звароту канфіскавалі расфасаваныя наркотыкі, былі затрыманыя 46-гадовы і 37-гадовы мужчыны.
У іх з машыны, а таксама пры асабістых ператрусах і з закладак было канфіскавана крыху больш за 1,3 кг псіхатропаў. Рэчыва накіравалі на экспертызу, якая паказала, што ў абматаных ізастужкай скрутках агульнай масай крыху больш за 1230 г змяшчаецца карфентаніл.
«Дарэчы, дзеянне карфентанілу паралізуе цэнтральную нервовую сістэму і можа выклікаць раптоўную смерць», – адзначылі ва УГКСЭ.
Акрамя таго, у лясных закладках затрыманых мужчынаў знайшлі амаль 200 г метадону.
Адзначаецца, што агульная вага канфіскаваных наркотыкаў была дастатковая для вытворчасці некалькіх тысячаў разавых дозаў, кожная з якіх магла мець смяротную небяспеку для спажыўцоў. Крымінальную справу расследуе Пухавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта.
Карфентаніл – апіоідный анальгетык, вытворны ад больш вядомага фентанілу, пра эпідэмію залежнасці ад якога гавораць у ЗША. Карфентаніл таксама выкарыстоўваецца як транквілізатар для сланоў – каб усыпіць жывёліну, даволі двух міліграмаў рэчыва. Ужываецца ў парамедыцыне, а таксама ў паліятыўнай дапамозе.