Bloomberg: Савудаўская Арабія кідае выклік Крамлю
- 5.06.2025, 7:55
Нафтавыя плыні ўзмоцняцца, падрываючы бюджэт РФ.
Сусветны нафтавы рынак перажывае тэктанічныя зрухі, і рухальнай сілай гэтых змяненняў выступае Савудаўская Арабія. Каралеўства намагае на далейшым паскораным павелічэнні здабычы нафты краінамі OPEC+ у найбліжэйшыя месяцы.
Пра гэта піша Bloomberg .
Стратэгія Эр-Рыяда ўжо выклікае сур'ёзныя спрэчкі з Масквой і пагражае яшчэ больш падарваць нафтавыя даходы расейскага бюджэту. Савудаўская Арабія, мае дамінантную пазіцыю ў OPEC+ і яна няўхільна расце, імкнецца, каб група дадавала па 411 000 барэляў на дзень у жніўні і, магчыма, у верасні.
Інсайдэры паказваюць, што Эр-Рыяд хоча атрымаць максімальную выгаду з пікавага попыту летам. Арганізацыя краін-экспарцёраў нафты і яе супольнікі ўжо дамовіліся павялічыць здабычу на 411 000 барэляў за дзень у траўні, чэрвені і ліпені.
Аднак, як паведамлялася, на апошнім пасяджэнні групы паўсталі супярэчнасці з нагоды далейшай стратэгіі. Расея ўзначальвала фракцыю, якая намагала на паўзе ў павелічэнні здабычы для ацэнкі ўплыву ўжо прынятых пастаноў.
Тым не менш у выніку пункт гледжання Савудаўскай Арабіі ўзяў верх. Пасля многіх гадоў, калі Эр-Рыяд стрымліваў цэны нафты, цяперашняя паслядоўнасць нарошчвання паставак значыць радыкальны стратэгічны зрух. Каралеўства цяпер актыўна імкнецца знізіць кошт сыравіны.
Нагадаем, у красавіку нафта маркі Brent упала да чатырохгадовага мінімуму, апусціўшыся ніжэй за $60 за барэль у Лондане, калі OPEC+ упершыню агаломшыла рынак павелічэннем здабычы, што ўтрая перавышае запланаваны аб'ём. У сераду ф'ючарсы прадаваліся блізу $65 за барэль.
Першапачаткова паведамлялася, што Савудаўская Арабія паставіла мэтай "пакараць" нізкімі коштамі ўдзельнікаў, якія перавышаюць квоты. Аднак цяпер крыніцы паказваюць, што галоўнай матывацыяй Эр-Рыяда стала менавіта вяртанне страчанай дзелі рынку. Менавіта з гэтай прычыны Каралеўства не бачыць падстаў для запаволення тэмпаў, насуперак прапановам Расеі, Алжыра і Амана.
Гэты зрух у палітыцы, прапаноўваючы палёгку спажыўцам і дапамагаючы цэнтральным банкам змагацца з інфляцыяй, стварае сур'ёзныя фінансавыя рызыкі для нафтаздабывальных краін.
Даходы расейскага ўрада ад нафты ў траўні ўпалі да самага нізкага ўзроўню амаль за два гады пасля рэзкага зніжэння коштаў сыравіны. Адрозненні ў меркаваннях паміж Масквой і Эр-Рыядам – двума найбольш уплывовымі чальцамі картэлі - зноў выйдуць на першы план 6 ліпеня, калі OPEC+ збярэцца для абмеркавання ўзроўняў здабычы на жнівень.
Зыход гэтай сустрэчы можа канчаткова вызначыць вектар руху сусветных цэн нафты і сур'ёзна паўплываць на бюджэтную стабільнасць ключавых сусветных гульцоў, сярод іншага Расеі.