Грузія робіць прапанову беларускім праграмістам
- 5.06.2025, 12:18
Супрацоўнікі IT-сферы атрымаюць дазвол на жыхарства ў Грузіі паводле спрошчанай схемы.
З 1 верасня 2025 года замежныя IT-спецыялісты, у тым ліку беларусы, якія жывуць у Грузіі альбо плануюць у яе пераехаць, змогуць атрымаць трохгадовы дазвол на жыхарства паводле спрошчанай схемы, піша сайт «Белорусы и рынок».
Пра гэта паведаміў чалец парламента ад кіроўнай у Грузіі партыі «Грузінская мара» (ГМ) Вака Турнава. Адпаведны законапраект прымуць у паскораным парадку.
Для атрымання ДНЖ неабходна будзе падаць даведку аб працоўным стажы не менш як два гады ў сферы інтэрнэт-тэхналогій, а таксама даведку аб ранейшых даходах не менш за 25 тысяч даляраў на год.
ДНЖ тэрмінам на тры гады з наступным прадаўжэннем на трохгадовыя перыяды (але не больш за дванаццаць гадоў агулам) будуць выдавацца як самім супрацоўнікам IT-сферы, так і ўсім іх семейнікам. Дзеянне ДНЖ можа быць датэрмінова спыненае, калі яны не знаходзяцца ў Грузіі на працягу 183 дзён. Мэта законапраекта -залучэнне прафесійных кадраў у сферы IT-тэхналогій і наступнае паляпшэнне эка-сістэмы інфармацыйных тэхналогій у Грузіі.
Аўтары законапраекта мяркуюць, што пасля прыняцця закона “Грузія стане больш прывабнай для спецыялістаў у гэтай высокатэхналагічнай сферы”, колькасць занятых можа павялічыцца да 100 тысяч, а агульнае абарачэнне сродкаў інтэрнэт-індустрыі ў найбліжэйшыя гады дасягне 24 млрд лары (8,7 млрд даляраў). Бюджэт Грузіі на гэты год - 27 млрд лары (10,07 млрд даляраў).
З розных звестак, за апошнія тры гады з Беларусі і Расеі ў Грузію прыехалі ад 5 тысяч да 10 тысяч IT-спецыялістаў. Дакладная колькасць невядомая, паколькі многія з іх жылі ў краіне ў якасці турыстаў без абавязку рэгістравацца на працягу 12 месяцаў.