BE RU EN

Трамп вылучыў генерала Грынкевіча на пасаду гетмана аб'яднаных сіл NATO

  • 5.06.2025, 18:48

Алексус Грынкевіч - нашчадак беларускіх эмігрантаў у ЗША.

Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп вылучыў кандыдатуру генерала Алексуса Грынкевіча на пасаду новага гетмана аб'яднаных сіл NATO ў Еўропе, паведамляе прэс-служба Пентагона. Аб гэтым абвясціў Міністр абароны ЗША Піт Хегсэт.

«Генерал-лейтэнант ВПС Алексус Г. Грынкевіч [вылучаны] для прызначэння ў званні генерала на пасаду галоўнакамандуючым саюзнымі войскамі ў Еўропе», — гаворыцца ў паведамленні. Гаворка ідзе аб NATO.

Альянс таксама пагадзіўся з кандыдатурай Грынкевіча. Яго таксама прызначаць на пасаду камандзіра сіламі ЗША ў Еўропе. Цяпер ён займае пасаду дырэктара аператыўнай управы аб'яднанага штаба Пентагона.

Кандыдатуру Грынкевіча зараз павінен ухваліць Сенат.

Адзначым, што прадзед генерала Ілля Грынкевіч нарадзіўся ў 1873 годзе ў Менску ў сям'і Сцяпана (Стэфана) і Агаты Грынкевічаў. У 1899 годзе ён ступіў на амерыканскую зямлю, дзе стаў Elias Grinkevitch. Пазней прозвішча ў англамоўных дакументах пачало пісацца як Grynkewich.

7 кастрычніка 1906 года Эліяс Грынкевіч ажаніўся з 22-гадовай Настай Снігірэвіч (Anastasia Snigerevitch, 1884-1945) — ураджэнкай Вільні, дачкой Адама Снігірэвіча, якая трапіла ў Нью-Ёрк у 1901 годзе. У іх было чацвёра дзяцей. Адзін з іх, Нікалас Грынкевіч (Nicholas Grynkewich, 1915-1969), стаў дзедам генерал-лейтэнанта Алексуса Грынкевіча.

Дарэчы, бацька вайскоўца Грэгары Грынкевіч (Gregory Wayne Grynkewich, 1949-2012) быў вядомым навукоўцам: ён запатэнтаваў 14 вынаходстваў у сферы ўдасканалення прадукцыйнасці і вытворчасці паўправаднікоў.

Апошнія навіны