Менск стаў у дзесяцібальных заторах
- 5.06.2025, 19:13
На сталіцу абрынуўся лівень з навальніцай.
Лівень з навальніцай, які ўжо нарабіў бед у Гародні, увечары 5 чэрвеня дабраўся да Менска. У ДАІ папярэджваюць аб патопе на некаторых вуліцах, цэнтр сталіцы ўжо стаў у дзесяцібальных заторах.
«Лівень выклікаў падтапленні некаторых сталічных вуліц. Рух транспарту ў гэтых месцах абцяжараны. На гэтых адцінках вулічна-дарожнай сеткі інспектары ДАІ ажыццяўляюць рэгуляванне», - паведамілі ў ДАІ.
Мяркуючы з сэрвісу «Яндэкс. Карты», у цэнтры горада ўтварыліся дзесяцібальныя коркі.
У «Менсктрансе» паведамляюць аб перабоях у рабоце аўтобусаў і тралейбусаў.
Нялёгка не толькі кіроўцам і пасажырам грамадскага транспарту, але і пешаходам.
«Усё пацямнела, у пераходзе нават уключылі святло, не ўсе з пераходу метро наважваюцца выйсці», — цытуе менчукоў «Смартпресс».
Адзін мянчук распавёў, што затапіла ГЦ «Сухарава» на вуліцы Мантажнікаў: «Вада б'е проста з падлогі».
У Менску і ваколіцах ад ветру падаюць дрэвы, а ў Калодзішчах паведамляюць аб буйным градзе.