BE RU EN

Налёты дронаў паралізавалі грузаперавозкі ў РФ

  • 5.06.2025, 22:41

Расейскія чыгункі працягваюць фіксаваць імклівае падзенне грузаперавозак па краіне.

Спад за мінулы год, які склаў 4,1% і стаў рэкордным за апошнія 15 гадоў, у 2025 годзе паскорыўся ўдвая. Да траўня аб'ёмы пагрузкі на сеткі РЧ скараціліся на 9,4% у гадавым вылічэнні, вынікае са статыстыкі транспартнай манаполіі, паведамляе The Moscow Times.

У мінусе амаль усе катэгорыі грузаў, а для некаторых падзенне стала двухзначным. Пагрузка каменнага вугалю асела на 3,4%, нафты і нафтапрадуктаў - на 5,8%, кантэйнераў - на 6,2%. Перавозкі будаўнічых грузаў абрынуліся на 20,7 адсотка, чорных металаў - на 16%, прамысловай сыравіны - на 19,2%, а збажыны - на 34,8%.

Акрамя запаволення эканомікі, праблем будаўнічых кампаній, санкцый, якія абмяжоўваюць экспарт, па РЧ ударылі налёты ўкраінскіх дронаў, якія ў 2025 годзе дасягнулі рэкордных маштабаў, распавяла блізкая да кампаніі крыніца профільнага выдання «Гудок».

«Налёты БПЛА наўпрост уплываюць на працу чыгуначнага транспарту. РЧ аб гэтым не гаворыць, але гэта відавочнае абмежаванне перавозачнага працэсу. Калі ідзе налёт, дарога спыняецца», - сказала крыніца.

Праблемы РЧ прынесла вайна, распавялі Reuters крыніцы, блізкія да кампаніі. Праз маштабныя перавозкі для войска расейская сетка чыгунак - трэцяя па працягласці ў свеце - пагрузілася ў хаос з тысячамі кінутых цягнікоў і заторамі. «Сістэма працавала нармальна, але ўсё змянілася - грузы ідуць на ўсход, а «абаронка» атрымлівае прыярытэт, і чыгункі не могуць справіцца», - сказала крыніца.

Акрамя таго, праз санкцыі на чыгунцы ўзнік дэфіцыт запчастак, а мабілізацыя і вярбоўка на вайну прынеслі недахоп кадраў, распавёў іншы суразмоўца агенцтва: «(Машыністы) або пайшлі на СВА, або ў вайсковую прамысловасць, і проста няма каму кіраваць цягнікамі».

Праз падзенне даходаў і значнаен павышэнне ставак па крэдытах РЧ была вымушаная «пусціць пад нож» інвестыцыйную праграму: яе аб'ём у 2025 годзе быў скарочаны амаль на 40% - з 1,3 трлн да 834 млрд рублёў.

Праект пашырэння БАМа і Транссіба, крытычна неабходны для вывазу сыравіны ў Кітай, страціў дзве траціны фінансавання: замест 375 млрд рублёў гэта будзе 117 млрд. Выдаткі на развіццё падыходаў да партоў еўрапейскай часткі РФ пры гэтым пастанавілі фактычна замарозіць.

У траўні кампанія пастанавіла дадаткова «зрэзаць» бюджэт на 32,5 млрд рублёў, скараціўшы выдаткі на закуп чыгуначных шляхоў, а таксама лакаматываў і вагонаў.

Летась урад выдзеліў РЧ 162 млрд рублёў дапамогі з федэральнага бюджэту. Але сёлета грошай на падтрымку кампаніі не знайшлося: Мінфін забракаваў прапанову аб субсідыі на 60 млрд рублёў.

Апошнія навіны