BE RU EN

Францыя запусціць вытворчасць дронаў на тэрыторыі Украіны

  • 7.06.2025, 10:28

Міністр абароны назваў ініцыятыву «ўзаемавыгадным партнёрствам».

Французскія аўтапрамысловыя і абаронныя прадпрыемствы пачнуць выпуск беспілотных лятальных апаратаў на ўкраінскай тэрыторыі. Пра гэта заявіў міністр абароны Францыі Себасцьен Лекорню, назваўшы ініцыятыву ўзаемавыгадным партнёрствам. Са слоў міністра, гаворка ідзе аб супрацоўніцтве паміж адной з вядучых французскіх аўтамабілебудаўнічых кампаній (яе назва ён надумаў не раскрываць) і профільным прадпрыемствам абароннага сектара малога ці сярэдняга маштабу. «Супольнымі намаганнямі яны створаць вытворчыя магутнасці ва Украіне, дзе і будуць збірацца дроны», — сказаў кіраўнік абароннага ведамства (цытата па Le Monde).

Тыпы і канкрэтнае прызначэнне беспілотнікаў Лекорню не ўдакладніў, аднак падкрэсліў: частка прадукцыі будзе перадавацца ўкраінскім вайскоўцам, іншая — прызначаная для выкарыстання ў самой Францыі. Паводле ягоных слоў, французскія войскі змогуць выкарыстоўваць гэтыя дроны падчас рэгулярных вучэнняў, максімальна набліжаных да ўмоў, у якіх сёння ваюе Украіна.

Міністр асобна падкрэсліў, што на ўкраінскіх заводах будуць працаваць менавіта ўкраінскія спецыялісты. На ягоную думку, краіна прадэманстравала высокі ўзровень кампетэнтнасці ў распрацоўцы дронаў і ў фармаванні практычных падыходаў да іх выкарыстання: «украінцы пераўзыходзяць нас у здольнасці не толькі праектаваць беспілотнікі, але і распрацоўваць пад іх сучасныя баявыя дактрыны», — адзначыў ён.

Заява Лекорню прагучала неўзабаве пасля ягоных перамоў з кіраўніком Мінабароны Украіны Рустэмам Умеравым. Падчас іх сустрэчы 5 чэрвеня абмяркоўвалася пашырэнне прамысловага супрацоўніцтва, у тым ліку ўдзел французскіх кампаній у вытворчасці дронаў для патрэб УСУ. «Мы гатовыя даць гэтую магчымасць найлепшым вытворцам. Ва Украіны ёсць баявы досвед, у Францыі - магутная індустрыяльная база. Гэта ўзаемавыгаднае і стратэгічнае партнёрства», - падкрэсліў Умераў, падзякаваўшы Лекорню за падтрымку.

Акрамя беспілотнікаў, міністры таксама абмеркавалі супольную вытворчасць іншых відаў узбраенняў, уключаючы сродкі СПА. Мяркуецца, што зборка можа весціся як у самой Украіне, так і на тэрыторыі Францыі.

У той жа дзень Рустэм Умераў правёў сустрэчу з міністаркай абароны Гішпаніі Маргарытай Раблес. У цэнтры абмеркавання таксама знаходзілася развіццё прамысловага супрацоўніцтва - найперш у галіне беспілотных тэхналогій.

Апошнія навіны