BE RU EN

У Беларусі зафіксаваны новы тэмпературны рэкорд дня за ўвесь перыяд назіранняў

  • 7.06.2025, 11:52

Ранейшы максімум пратрымаўся 25 гадоў.

Новы тэмпературны рэкорд дня за ўвесь перыяд інструментальных метэаназіранняў зафіксаваны ў Беларусі 6 чэрвеня. Пра гэта паведамляе выданне «Позірк» са спасылкай на параўнальны аналіз аператыўных і архіўных звестак Белгідрамета.

У Брагіне і Лельчыцах паветра прагрэлася да 31,7 градуса цяпла. Ранейшы максімум пратрымаўся 25 гадоў (31,6 градуса ў Берасці). У Брагіне лакальны экстрэмум перавышаны на 0,3 градуса (31,4 у 2014 годзе), у Лельчыцах — на 0,9 (30,8 у 2003-м).

Паводле інфармацыі Белгідрамета Мінпрыроды, 6 чэрвеня максімальная тэмпература ў Менску склала 26 градусаў цяпла, у Берасці — 27, у Гародні — 25,4, У Гомелі — 30,7, у Магілёве — 27,9, у Віцебску — 24,7.

Нагадаем, на суботу, 7 чэрвеня, сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі. Днём на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца навальніцы, месцамі пры навальніцах пройдуць моцныя ліўні. Таксама абяцаюць град і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15-20 м/с. У асобных раёнах хуткасць ветру будзе дасягаць 21-24 м/с. максімальная тэмпература паветра дасягне +30...+32°С.

6 чэрвеня ў Беларусі зафіксаваны новы тэмпературны рэкорд дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў.

Апошнія навіны