Расея заявіла аб пераносе абмену палоннымі
- 7.06.2025, 14:46
Украіна бачыць у гэтым ціск.
Кіраўнік расейскай перамоўнай групы Уладзімір Мядзінскі заявіў, што Украіна нібыта перанесла абмен палоннымі. Гэтую заяву ў Кіеве расцэньваюць як спробу ціску на ўкраінскіх перамоўнікаў.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на крыніцу і публікацыю Мядзінскага ў Telegram.
Як сцвярджае Мядзінскі, расейскі бок нібыта яшчэ ўчора даставіў 1 212 целаў загінулых украінскіх вайскоўцаў у раён абмену, астатнія целы з 6000 яшчэ накіроўваюцца да месца. Таксама расейцы нібыта перадалі Украіне першы спіс з 640 параненых, цяжкахворых і маладых палонных, каб пачаць абмен.
«Аднак, украінскі бок нечакана перанёс на нявызначаны тэрмін і прыём целаў, і абмен ваеннапалоннымі», - заявіў Мядзінскі.
Крыніца РБК-Украіна, інфармаваная аб працэсе падрыхтоўкі абмену, назвала заяву Мядзінскага аб дастаўцы целаў загінулых хлуснёй.
«Па-першае, ніякай рэпатрыяцыі ўчора не адбылося, расейцы распаўсюджваюць хлусню. Па-другое, яны спрабуюць ціснуць на перамоўную групу. Абмен рыхтуецца, а ўсе падрабязнасці могуць вельмі моцна паўплываць на гэта. Гэта адчувальнае пытанне», - сказаў суразмоўца РБК-Украіна.
Нагадаем, падчас другога раўнда мірных перамоў у Стамбуле Украіна і РФ дамовіліся аб абмене 6000 на 6000 целаў загінулых вайскоўцаў, а таксама абмен параненых, цяжкахворых і маладых ваеннапалонных.