Сарваны абмен паміж Расеяй і Украінай
- 7.06.2025, 19:16
Яго перанеслі на нявызначаны тэрмін.
Абмен целамі загінулых паміж Украінай і Расеяй перанеслі, пакуль дата яшчэ не вызначаная. Пра гэта ў каментары BBC у суботу, 7 чэрвеня, паведамілі ва ўкраінскім Каардынацыйным штабе ў пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.
У ведамстве адзначылі, што «заявы прадстаўнікоў дзяржавы-агрэсаркі аб нібыта пачатку вяртання цел або мерапрыемстваў па рэпатрыяцыі пасля дамоўленасцей у Стамбуле не адпавядаюць рэчаіснасці».
Украінскі бок дадаў, што цяпер ідзе падрыхтоўка да абмену цяжкахворых і цяжкапараненых, моладзі, а таксама вяртанне целаў загінулых вайскоўцаў, дадае BBC.
«Усе аднабаковыя заявы або дзеянні з боку прадстаўнікоў дзяржавы-агрэсаркі з'яўляюцца чарговай маніпуляцыяй вакол адчувальнага і важнага пытання вяртання цел нашых абаронцаў», - сказаў прадстаўнік Каардштаба.