У Еўропе знайшлі вялізныя паклады «нафты будучыні»
- 8.06.2025, 9:48
Якая краіна атрымала джэк-пот?
Францыя мае высокія шансы стаць новай энэргетычнай звышдзяржавай. Нядаўна ў рэгіёне Латарынгія знайшлі вялізныя паклады прыроднага вадароду, піша Farmingdale Observer.
Першапачаткова геолагі шукалі метан, і сапраўды знайшлі сёе-тое на глыбіні 1250 метраў. Гэта выявілася найбуйнейшае ў свеце радовішча белага вадароду. Агулам паклады ацэньваюцца да 46 мільёнаў тон. Гэта больш за палову шэрага вадароду, які вырабляюць за год ва ўсім свеце на спецыяльных заводах, якія выкарыстоўваюць прыродны газ у якасці сыравіны.
«Нашы звесткі сведчаць аб тым, што нетры вугальнага басейна Латарынгіі вельмі багатыя на белы вадарод. Калі гэтае адкрыццё будзе пацверджанае, яно можа мець значны ўнёсак у пераход да чыстых, кліматычна бяспечных крыніц энэргіі», - растлумачыў Філіп дэ Даната, дырэктар у даследаваннях лабараторыі GeoRessources у Нансі.
Справа ў тым, што вытворчасць штучнага шэрага вадароду з'яўляецца вельмі брудным працэсам, які, напрыклад, прыводзіць да значных выкідаў CO2. Менавіта гэты парніковы газ з'яўляецца адной з галоўных прычын глабальнага пацяплення.
Генеральны дырэктар кампаніі Plastic Omnium Ларан Фавр у адным са сваіх інтэрв'ю адзначыў, што прыродны белы вадарод можа стаць «нафтай будучыні».
«Белы вадарод - гэта прыродны, самародны вадарод. У адрозненне ад зялёнага ці шэрага вадароду, які мы вырабляем і які сёння выкарыстоўваецца ў вялікіх колькасцях, белы вадарод недзе на планеце ёсць, і яго шмат. Яго можна выкарыстоўваць як ёсць», - адзначыў ён.
Раней радовішчы прыроднага вадароду ўжо былі знойдзеныя ў Аўстраліі, Малі і Злучаных Штатах. Але гэтае першае буйное радовішча, знойдзенае ў Еўропе. Яно можа мець важнае значэнне ў пераходзе на новае пакаленне экалагічна чыстых транспартных сродкаў, незалежных ад нафты.