Наўседа: Санкцыі супраць РФ павінны быць падобныя на «кактэйль Молатава»
- 8.06.2025, 13:22
Пакет павінен уключаць усе энэргетычныя кампаніі, якія напаўняюць дзяржаўны бюджэт.
Лідары краін Еўразвязу, не ўвёўшы, як абяцалі, жорсткія санкцыі супраць Расеі, падарвалі давер да Еўропы.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, інфармуе Bild.
«Гэта праблема. І яна ўплывае не толькі на давер да нашых санкцый, але і на давер да ўсіх нашых захадаў у дачыненні да Расеі і нашай падтрымкі Украіны. Мы шмат разоў абвяшчалі, што будзем падтрымліваць Украіну і пастаўляць знішчальнікі, дальнабойныя ракеты і боепрыпасы. Але мы не можам выканаць гэтыя абяцанні», - сказаў Науседа ў інтэрв'ю Bild.
З яго слоў, санкцыі, якія ўжо былі ўведзеныя супраць Расеі з лютага 2022 года, не мелі таго эфекту, на які разлічваў Захад. Па-першае, санкцыі не былі дастаткова рашучымі, а па-другое - трэція краіны дапамагаюць Расеі іх абыходзіць.
«Вось чаму расейская эканоміка, хоць і не ў найлепшым стане, усё яшчэ функцыянуе адносна добра ў гэтых абставінах», - растлумачыў літоўскі лідар.
Цяпер Еўразвяз рыхтуе ўжо 18-ы пакет санкцый супраць Расеі, і Літва патрабуе, каб ён быў падобны на «кактэйль Молатава». Як сказаў Наўседа, гэта азначае, што пакет павінен уключаць усе энэргетычныя кампаніі, якія пастаўляюць грошы ў расейскі дзяржаўны бюджэт: «Паўночны струмень», «Расатам», «Газпрам», «Лукойл».
«Астатнія расейскія банкі таксама трэба выключыць з сістэмы SWIFT, як і астатнія караблі ценявога флоту. Інакш нас будуць уважаць слабымі і меркаваць, што Еўропа не мае намеру прымаць смелыя пастановы», - падкрэсліў ён.