Жыхару Магілёва далі рэшту расейскімі рублямі замест беларускіх
- 8.06.2025, 16:53
Відэа стала папулярным і сабрала больш за сотню каментароў.
Пасажыр аўтобуса ў Магілёве атрымаў рэшту расейскімі рублямі замест беларускіх. Пра гэта ён расказаў у TikTok, піша «Магілёў анлайн».
Хоць манеты наміналам у 1 рубель выглядаюць падобна, іх рэальны кошт вельмі адрозніваецца.Цяпер адзін расейскі рубель каштуе крыху менш за чатыры беларускія капейкі. Атрымліваецца, што замест трох беларускіх рублёў пасажыр атрымаў рэшту прыкладна на 12 капеек.
Мужчына адзначыў, што рэдка карыстаецца грамадскім транспартам, таму адразу не заўважыў падмену. Хутчэй за ўсё, памылка адбылася выпадкова праз няўважлівасць кандуктара.
Відэа стала папулярным і сабрала больш за сотню каментароў. Рэакцыя карыстальнікаў падзялілася: адны паставіліся да сітуацыі з гумарам, іншыя раскрытыкавалі аўтара за дробязнасць. У адказ на папрокі магілёвец патлумачыў, што для кагосьці гэтыя грошы маглі быць апошнімі ў кашальку.