BE RU EN

На аўкцыёне прадаюць банкноту ў 5 беларускіх рублёў за 550 рублёў

  • 8.06.2025, 21:27

Банкнота мае тры элементы рэдкасці.

На дной з аўкцыённых пляцовак з'явілася нібыта звычайная банкнота - 5 беларускіх рублёў. Вось толькі хоча за яе прадавец у 110 разоў больш: 550 рублёў. Blizko.by растлумачыў, за што такія грошы.

Аўтар аб'явы піша:

«Серыя замяшчэння ХХ, з акантоўкай (з зазорам)!!! Нумар 0000900!!!

Няспецыялісту мала што можа быць зразумела з гэтага кароткага апісання. Серыя замяшчэння ХХ азначае, што банкнота была вырабленая замест іншай, бракаванай. Бывае, што пры друку банкнот машына зажуе ліст, або ліст ляжа з перакосам, або будзе крыва абрэзаны. Такія бракаваныя лісты і банкноты забіраюць, а замест іх дадрукоўваюць новыя. На гэтых падменных лістах друкуюць серыйны нумар з літар ХХ - гэта і ёсць серыя замяшчэння.

Серыйны нумар 0000900 (а дакладней, ХХ0000900) азначае, што гэта ўсяго 900-я банкнота з гэтай замешчанай серыі, гэта значыць, адна з ранніх.На здымку банкноты мы бачым, што гэта купюра першага (або аднаго з першых) тыражоў, надрукаваная ў Вялікабрытаніі на фабрыцы банкнот De la Rue. Подпіс кіраўніка Нацбанка Пятра Пракаповіча яшчэ на сваім месцы: серыю купюр абнавілі ў 2019-м, тады подпіс Пракаповіча з банкноты прыбралі, а самі грошы дадрукоўвалі на расейскай фабрыцы "Гознак".

Самае загадкавае ў апісанні - згадка акантоўкі і зазору. І гэта рэдкі элемент. Партал калекцыянераў банкнот Fox-Notes тлумачыць, што ёсць два тыпы гэтых 5-рублёвых купюр. У першага тыпу ў правай частцы аверса (асабовага боку) два фрагменты цаглянага мура намаляваны ўсутыч, ушчыльную адзін да аднаго.

У другога тыпу паміж двума гэтымі фрагментамі цаглянага мура ёсць невялікі прамежак, ці акантоўка.

Банкноты з акантоўкай выпускаліся як у звычайных серыях, так і ў серыі замяшчэння.

У аўкцыённай банкноты якраз можна разглядзець такую акантоўку.

Такім чынам, выстаўленая на аўкцыёне банкнота мае тры элементы рэдкасці: серыя замяшчэння ХХ, маленькі парадкавы нумар і акантоўка вакол цэглы.

Банкноту можна выкупіць па цвёрдай цане ў 550 рублёў (183 долары ЗША ў актуальным курсе Нацбанка), але можна прапанаваць прадаўцу свой кошт. Таргі завершацца 6 чэрвеня позна ўвечары.

Апошнія навіны