У Латвіі разгараецца скандал праз дэпутата, які выступаў у Сэйме на расейскай мове
- 9.06.2025, 14:35
Палітыкам заняліся спецслужбы.
Латвійская Служба Дзяржаўнай Бяспекі (СДБ) у панядзелак адкрыла крымінальную вытворчасць супраць дэпутата Сэйма Аляксея Рослікава, які на мінулым тыдні аскандаліўся праз выступ у Сэйме на расейскай мове, паведамляе Delfi.
Як адзначылі ў спецслужбе, вытворчасць у дачыненні да дэпутата адкрылі паводле падазрэння ў наданні дапамогі дзяржаве-агрэсарцы Расеі ў яе дзеяннях супраць Латвіі і распальванні нацыянальнай варожасці і нянавісці.
Крымінальны працэс быў распачаты пасля таго, як служба ацаніла выказванні Рослікава на пасяджэнні Сэйма 5 чэрвеня і іншыя ягоныя дзеянні апошнім часам.
У СДБ нагадалі, што ўжо неаднаразова праводзілі з Рослікавым прафілактычныя гутаркі, папярэджваючы аб крымінальнай адказнасці ў выпадку ўчынення крымінальных злачынстваў.
У пачатку лютага гэтага года СДБ правяла гутарку з Рослікавым у сувязі з яго публічнымі выказваннямі супраць латышоў.
Нагадаем, 5 чэрвеня Рослікава адхілілі ад удзелу ў парламенцкім пасяджэнні праз тое, што ён выступаў з трыбуны на расейскай мове.
У канцы сваёй прамовы Рослікаў выгукнуў на рускай мове: «Нас больш! Руская мова-наша мова!». Таксама дэпутат паказаў грубы жэст.
У сувязі з гэтым была прынятая пастанова адхіліць яго ад пасяджэння Сэйма і выправадзіць з залы.
Пасля стала вядома, што цэнтр дзяржаўнай мовы (VVC) Латвіі пачне адміністрацыйную працэдуру ў дачыненні да Рослікава.