«Гэта быў самы дзіўны візіт Лукашэнкі»
- 9.06.2025, 14:45
Імітацыі дзейнасці састарэлага дыктатара выйшла на новы ўзровень.
Палітычны аналітык Сяргей Чалы ацэньвае паездку Лукашэнкі ў Кітай, якая прайшла на мінулым тыдні, як «вельмі дзіўную».
«Гэта быў самы дзіўны візіт Лукашэнкі, які я калі-небудзь бачыў. Як некалькі разоў падкрэсліў віцэ-прэм'ер Снапкоў, перамовы - гэта факультатыў, а гэта сямейны сяброўскі абед. І гэта самае галоўнае.
Гэта не рабочы візіт, не афіцыйны візіт, візіт для сямейнага сяброўскага абеду. Гэта значыць фактычна тая самая турыстычная паездка, якія сам Лукашэнка забараніў яшчэ ў лістападзе мінулага года», - іранізуе Чалы.
Дзіўнай, са слоў Чалага, была і так званая сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі «бізнэс колаў Кітая». Ні на відэа, ні на фота не бачна, з кім менавіта ён сустракаўся. Змаўчала пра гэта і прэс-служба беларускага дыктатара.
«З такім жа поспехам Лукашэнка мог размаўляць і з пустым крэслам. І гэта што хочаш, але толькі не перамовы з дзелавымі коламі, таму што няма ні пратакольнага здымка, ні абмену падарункамі, ні вітальнага, ні зваротнага слова з кітайскага боку. І ўжо тым больш няма ніякага бізнэс-форуму з удзелам беларускіх міністраў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія звычайна суправаджаюць бізнэс візіты Лукашэнкі, што асабліва, калі ўлічыць, што гэты візіт павінен быў адбыцца яшчэ ў студзені гэтага года», - адзначае аналітык.
Са слоў Чалага, «шакавальнае дзівацтва мерапрыемства прапаганда тлумачыць ужо звыклым спосабам: маўляў, Лукашэнка заняты такімі складанымі і такімі важнымі справамі, што пра іх ні ў якім разе нельга ні распавядаць, ні паказваць беларускаму народу. Вы проста верце - Лукашэнка працуе».
І ў гэтым канкрэтным выпадку, адзначае ён, магчымыя дзве версіі падзей:
«Першая. Малаверагодная. Абмяркоўваліся тэмы, пра якія нельга гаварыць, з людзьмі, якія нельга называць.
Другая палягае ў тым, што аперацыя імітацыі дзейнасці лядашчага Лукашэнкі выйшла на новы, раней не дасягальны ўзровень. І пасля гэтага ўжо можна будзе распавядаць пра любыя сустрэчы з любымі сусветнымі лідарамі. Галоўнае - правільна падабраць статыстаў і дэкарацыі».