Беларускі фэст у Мацьковічах адкрыў лета культуры на Падляшшы
- 9.06.2025, 17:40
Гэтае мерапрыемства — частка клопату пра беларускі складнік разнастайнасці рэгіёна.
7 чэрвеня ў вёсцы Мацьковічы, гміна Мельнік, адбыўся Беларускі фэст, які адкрыў цыкл культурных мерапрыемстваў пад назвай «Беларускі народны фэст», арганізаваны Беларускім грамадска-культурным таварыствам, пиведамляе «Радыё Рацыя».
Асабліва цёплы прыём атрымаў калектыў «Паўлінка» (Латвія), што падкрэсліла прадстаўніца гурту Марыя Медунецкая:
– Я рада, што вам спадабалася. Прыязджайце да нас у Латвію, у нас шматнацыянальны горад, мы дружна ўсе жывём – палякі, латышы, расейцы і беларусы. Ёсць і татары ў нас, украінцы. Яны падтрымліваюць гэта ўсё. І вашы арганізатары былі ў нас у гасцях. У мінулым годзе ездзіла да вас «Купалінка», а ў гэтым годзе мы прадстаўляем два калектывы.
Фэст адбыўся пры падтрымцы Войта гміны Мельнік і Мельніцкага Гміннага Асяродку культуры, спорту і адпачынку, дырэктар якога Міхал Бараноўскі адзначыў, што гэтае мерапрыемства — частка клопату пра беларускі складнік разнастайнасці рэгіёна:
– Было шмат наведвальнікаў, таму я вельмі рады, што ў нашай гміне такі шматкультурны фэст. Я вельмі рады, што вельмі высокі да яго інтарэс, прыём таксама на высокім узроўні. І як мы бачым, у такім маленькім горадзе ўся зала запоўненая, людзі нават стаяць звонку. Гэта паказвае, што такія культурніцкія імпрэзы падабаюцца людзям і патрэбныя. І мы працягваем гэта рабіць.
Сярод удзельнікаў былі таксама аматарскія калектывы з Беластока, Мельніка, Міхалова і Семятыч, таксама калектыў «Пралескі» з Латвіі.