Чэмпіён Беларусі ў пляжным футболе ўпершыню саступіў у еўракубках
- 9.06.2025, 19:38
Беларускі клуб саступіў мюнхенскай «Баварыі» ў авертайме.
Магілёўскі ЦАР, дзейны чэмпіён Беларусі ў пляжным футболе, пацярпеў першую паразу на Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў, які праходзіць у партугальскім Назары.
У другім матчы групавога этапу (група F) беларускі клуб саступіў мюнхенскай «Баварыі» з лікам 4:5 у авертайме.
Пры гэтым ЦАР вёў у ліку 4:2, але не здолеў утрымаць перавагу. Галы за каманду з Магілёва забілі Іван Канстанцінаў, Андрэй Вадаевіч, Уладзіслаў Кананенка і Аляксандр Эскабар. У спаборніка хет-трык аформіў Юльян Франц.
Напярэдадні, у стартавым туры, беларусы ўпэўнена падолелі дацкі «Капенгаген» - 5:1. Тады два галы апынуліся на рахунку Уладзіслава Кананенкі, таксама вызначыліся Аляксандэр Эскабар, брамнік Міхаіл Аўгустоў і гуляючы трэнер Вадзім Бокач.
Заключны матч у групе ЦАР правядзе заўтра супраць мальтыйскага «Хамруна», які ўжо пацярпеў дзве паразы - абодва з лікам 3:7 - ад «Баварыі» і «Капенгагена».
У складзе магілёўцаў выступаюць сем віцэ-чэмпіёнаў свету - сярэбраных прызёраў нядаўняга чэмпіянату свету на Сэйшэлах: Вадзім Бокач, Уладзімір Усціновіч, Юрый Пятроўскі, Іван Канстанцінаў, Арцемій Дрозд, Міхаіл Аўгустоў і Ягор Гардзецкі.
Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў (Euro Winners Cup) праходзіць з 8 да 15 чэрвеня.
У турніры ўдзельнічаюць 36 каманд, падзеленых на дзевяць груп, а ў плэй-оф выходзяць пераможцы квартэтаў і найлепшыя сем каманд сярод тых, хто заняў другія месцы.
У мінулым сезоне ЦАР заняў шостае месца. Пераможцам турніру тады стала партугальская «Брага», якая падолела ў фінале італійскую «Пізу» (5:3).
Бронзу здабыў «Сатаа», які перамог гішпанскі «Рэкрэатыва» - 7:4.
Euro Winners Cup праводзіцца з 2013 года. Часцей за іншых тытул здабывалі «Брага» і пецярбуржскі «Крышталь» - па чатыры разы.