Як зэканоміць на аплаце паслуг ЖКГ летам
- 9.06.2025, 20:42
Просты лайфхак.
Камунальнікі Менска падзяліліся чарговай карыснай парадай.
І расказалі, чаму важна перакрываць стаяк з гарачай вадой у кватэры на перыяд адключэння «цёпленькай».
Так, спецыялісты нагадалі, што на час прафілактычных адключэнняў у жылы дом не паступае сеткавая вада, якая падагравае халодную да неабходнай тэмпературы.
Але ўсталяваны на стаяку гарачага водазабеспячэння лічыльнік гэтага «не ведае» і фіксуе халодную ваду, што праходзіць па трубе, як гарачую.
Жыхары, хутчэй за ўсё, машынальна паварочваюць змяшальнік у становішча, калі з крана павінна цячы гарачая вада, гэта значыць карыстаюцца няіснай паслугай.
Такім чынам, перакрываючы сабе гарачую ваду, якой часова няма, можна зэканоміць у канцы месяца пры аплаце «камуналкі».
У Беларусі з 1 чэрвеня 2025 года падаражэлі камунальныя паслугі.
Паводле афіцыйных звестак, у 2025 годзе дзель выдаткаў на ЖКП у прыбытку сям'і з трох чалавек (пры двух працоўных з заробкамі на ўзроўні сярэдняга ў краіне) складзе 3,8%, а для сям'і з двух пенсіянераў – 8,3%.
Са студзеня 2025 года дзяржава ўзняла ўсе тарыфы на ЖКП (на Br17,05), акрамя ацяплення і гарачага водазабеспячэння. А з чэрвеня беларусы будуць больш плаціць за цеплавую энэргію, якая ідзе на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне (на Br3,95).
Так, з пачатку лета субсідаваны тарыф на цеплавую энэргію для ацяплення і падагрэву вады вырасце да Br27,2323 за 1 Гкал.
Гэта рост на 10,2 адсотка (цяпер тарыф складае Br24,7187 за 1 Гкал). Жыроўкі з абноўленымі тарыфамі за чэрвень беларусы атрымаюць у ліпені.
Гэта значыць сумарна, згодна з планам, тарыфы вырастуць не больш як на 0,5 базавай велічыні за год (цяпер – Br21).