BE RU EN

Памёр аўтар бэстсэлераў «Дзень Шакала» і «Сабакі вайны» Фрэдэрык Форсайт

  • 9.06.2025, 21:08

Былы агент МІ-6 памёр ва ўзросце 86 гадоў.

Памёр ангельскі пісьменнік Фрэдэрык Форсайт, аўтар бэстсэлераў-трылераў і былы агент МІ-6, піша The Guardian.

Ён памёр ва ўзросце 86 гадоў пасля нядоўгай хваробы.

Форсайт – аўтар такіх раманаў, як «Дзень Шакала», «Дасье "Адэса"» і «Сабакі вайны». Усе тры былі экранізаваныя.

Серыя раманаў была распрададзеная тыражом больш за 75 млн экзэмпляраў па ўсім свеце, ён узнагароджаны ордэнам Брытанскай імперыі ў 1997 годзе, лаўрэат прэміі «Дыяментавы кінжал», якая прысуджаецца Асацыяцыяй пісьменнікаў-крыміналістаў Вялікай Брытаніі.

Форсайт нарадзіўся ў 1938 годзе ў горадзе Эшфард у графстве Кент. Быў рэпарцёрам Reuters і працаваў у Парыжы ў 1961 годзе падчас спробы забойства прэзідэнта Французскай рэспублікі генерала Шарля дэ Голя пасля таго, як той выступіў за незалежнасць Алжыра. Замах на дэ Голя ляжаў у аснове рамана «Дзень Шакала». Ён уваходзіць у «100 найлепшых дэтэктыўных раманаў усіх часоў» паводле версіі брытанскай асацыяцыі пісьменнікаў-крыміналістаў.

Некаторы час Форсайт правёў ва Усходняй Нямеччыне, потым перайшоў у Бі-бі-сі. У 1967 годзе яго адправілі ў Нігерыю асвятляць грамадзянскую вайну. Праз падачу матэрыялу Бі-бі-сі абвінаваціў Форсайта ў прадузятасці праз падтрымку паўстанцаў і адклікаў у Лондан, успамінаў пісьменнік. У 1968 годзе ён звольніўся і вярнуўся ў Нігерыю ў якасці пазаштатнага рэпарцёра. Потым пачаў працаваць на МІ-6. Хоць Форсайт заўсёды адмаўляў, што быў шпіёнам, у аўтабіяграфіі 2015 года The Outsider прызнаў, што быў «актывам» выведкі цягам больш як 20 гадоў.

Апошнія навіны