BE RU EN

Reuters: Расейскі «ценевы» танкер мог быць падарваны ў Міжземным моры

  • 1.07.2025, 19:52

З дапамогай міны-ліпучкі.

Прычынай выбуху 27 чэрвеня ля ўзбярэжжа Лівіі на борце танкера Vilamoura, які транспартаваў нафту з расейскіх партоў, магла стаць прымацаваная да судна міна, паведамілі Reuters дасведчаныя крыніцы.

Версію пра міну-ліпучку прапанавалі чатыры эксперты ў сферы марской бяспекі падчас папярэдняга расследавання пятага ў ліку выбуху на звязаных з Расеяй танкерах. У той самы час прадстаўнік грэцкага аператара TMS, абазнаны ў сітуацыі, расказаў агенцтву, што пакуль нельга дакладна сказаць, што менавіта стала прычынай выбуху. Поўная ацэнка стратаў і высвятленне ўсіх дэталяў надзвычайнага здарэння будуць праведзеныя, калі карабель прыбудзе ў Грэцыю – цягам найбліжэйшага дня.

«Усе расследаванні меркаваных нападаў на танкеры з выкарыстаннем мін-ліпучак звязаныя з заходамі караблёў у расейскія парты», – гаворыцца ў справаздачы брытанскай кампаніі ў кіберабароне ў моры і аналізу рызык Dryad Global, апублікаваным на гэтым тыдні. Гэта сведчыць, што існуе пагроза для караблёў, якія ўдзельнічаюць у гандлі расейскай нафтай, што, верагодна, выклікана геапалітычнай напружанасцю ў сувязі з заходнімі санкцыямі, дадаюць аналітыкі.

Загружаная 1 мільёнам бараляў нафты Vilamoura, якая ходзіць пад сцягам Маршалавых Астравоў, 27 чэрвеня выйшла з лівійскага порта Зэйціна ў Міжземным моры і накіроўвалася ў Гібралтар. У нейкі момант у машынным аддзяленні прагрымеў выбух. У выніку надзвычайнага здарэння затапіла машыннае аддзяленне судна і яно страціла манеўранасць.

Цяпер танкер вядуць на буксіры ў грэцкія воды. Паводле звестак сэрвісу MarineTraffic за аўторак, Vilamoura знаходзіўся ля паўднёвага ўзбярэжжа Грэцыі. Карабель некалькі разоў мяняў сцяг і ўладальнікаў, яго лічаць часткай «ценевага флоту» Расеі, які незаконна перавозіць нафту з РФ.

Апошнія навіны