BE RU EN

Расейскія дроны масава атакавалі Украіну з Беларусі

  • 10.07.2025, 16:37

На ўскраінах Гомеля прагрымеў выбух

У ноч на 10 ліпеня расейскія ўдарныя беспілотнікі ляцелі над тэрыторыяй Гомельскай вобласці, паведамляў «Флагшток» са спасылкай на маніторынгавыя каналы «Рында маніторыць» і «еРадар».

Над паўднёвымі ўскраінамі Гомеля а 0.17 чулі шум, падобны на гук мапеда. Імаверна, гэта расейскі ўдарны беспілотнік, адзначае «Флагшток». Жыхары Рэчыцы цягам паўтары гадзіны чулі пралёты як мінімум трох дронаў.

Паводле звестак Monitor, два БПЛА даляцелі да Берасцейскай вобласці.

Паводле інфармацыі «еРадар», два робаты фіксаваліся над Глушкевічамі (поўдзень Лельчыцкага раёна) і Зашыр'ем (Ельскі раён), адзін рухаўся ў кірунку Лельчыцаў, потым — Жыткавічаў.

У цэнтры Гомеля і на поўдні горада аб 01.15 пачулі пралёт дрона з бензінавым рухавіком.

«Блізу 01.26 глухі гук выбуху на паўднёвы захад ад Гомеля. Магчыма, збіццё. Збіццё не пацверджанае», - паведамляла выданне.

Гукі дронаў чулі на Гомельшчыне мінімум да дзвюх гадзін ночы.

Нагадаем, у ноч на 10 ліпеня Кіеў зазнаў масаваны паветраны напад. Са слоў уладаў, Расея ўжыла дроны і балістычныя ракеты.

Апошнія навіны