«Шукалі злоснага экстрэміста Аляксандра Рыгоравіча»
- 10.07.2025, 9:12
Салігорск узрушыў Лукашэнка з «чырвонымі зубамі».
Жыхар Салігорска Аляксандр Гойшык, які здзейсніў кругасветнае падарожжа і наведаў 95 краін, знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі, да яго дадому прыходзілі сілавікі. Пра гэта ён расказаў у сябе ў Facebook.
Аляксандр Гойшык расказаў, што яго маці ў Салігорску наведала міліцыя.
— Шукалі злоснага экстрэміста Аляксандра Рыгоравіча (вы зараз будзеце смяяцца, але я сапраўды Рыгоравіч і быў ім яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам), — дадаў вандроўца.
Сілавікі пыталіся, калі Гойшык прыедзе ў Беларусь і з'явіцца з пакаяннем. Яны яго назвалі «экстрэмістам» - нібыта таму, што ён калісьці выклаў у інтэрнэце выяву Аляксандра Лукашэнкі з «чырвонымі зубамі». Пры гэтым у спісах асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, жыхар Салігорска не значыцца.
Нагадаем, нядаўна Аляксандр Гойшык, блогер, вулічны артыст і журналіст-фрылансер, здзейсніў кругасветнае падарожжа за 1163 дні. За гэты час ён пабываў у 51 краіне. А ўсяго ён наведаў ужо 95 краін.