Лукашэнка панёс бязглуздзіцу на сустрэчы з Дадонам
- 12.07.2025, 19:26
Дыктатар пачаў з дзіўнага воклічу.
Аляксандр Лукашэнка 12 ліпеня сустрэўся з былым прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам, у якога на радзіме былі праблемы з законам, і праз яго перадаў заклік грамадзянам краіны «не рвацца ні ў якія саюзы».
Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, дыктатар прывітаў Дадона ў сваім кабінеце ў Палацы незалежнасці воклічам: «Жывы!».
«Не дачакаюцца!» - адказаў той.
Падчас сустрэчы Лукашэнка паскардзіўся, што жыхары Малдовы «ад нас адарваныя вайной, на жаль», і «лагістыка ўскладнілася», але «няма безнадзейных сітуацый».
Адзначым, Ігар Дадон зараз узначальвае прарасейскую Партыю сацыялістаў Рэспублікі Малдова, якая знаходзіцца ў жорсткай апазіцыі да афіцыйнага Кішынёва.
Дыктатар праз свайго госця даў Малдове «параду старажытнага палітыка»:
- Не рвіцеся вы ні ў якія саюзы (гаворка пра Еўразвяз. - Заўв.), ніхто вас нідзе не чакае, - заклікаў Лукашэнка.
Нагадаем, сваю думку «вас нідзе не чакаюць» дыктатар раней ужо выказваў на адрас і іншых краін, якія імкнуцца ўмацаваць сувязі з Захадам. Напрыклад, Арменіі, дзе такі пасаж выклікаў скандал.
Нагадаем, Ігар Дадон займаў пасаду прэзідэнта Малдовы ў 2016-2020 гадах. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова называў яго сваім сябрам.
Таксама Дадон, ужо саступіўшы на выбарах Маі Санду, у траўні 2021 года прыязджаў з неафіцыйным візітам у госці да Лукашэнкі. Той паказаў яму сваю загарадную рэзідэнцыю.
Дадон быў затрыманы 24 траўня 2022 года і адпраўлены пад хатні арышт. Яму выставілі абвінавачанне паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса Малдовы: «Пасіўная карупцыя», «Атрыманне фінансавання палітычнай партыяй ад злачыннай арганізацыі», «Незаконнае ўзбагачэнне» і «Дзяржаўная здрада».
18 лістапада 2022 года экс-прэзідэнт Малдовы быў вызвалены з-пад хатняга арышту.